Другая прапанова - гэта ініцыятыва па адкрыцці беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку Stembridge у Вільні і ініцыятыва за адкрыццё другой беларускамоўнай школы ў літоўскай сталіцы.
Як адзначае Павел Севярынец, зараз склалася такая сітуацыя, што не ўсе беларускія сем’і могуць аддаць сваіх дзяцей у школу з беларускай мовай навучання. Адзіная беларуская гімназія імя Францыска Скарыны вымушаная была адмовіць у гэтым праве навучання па-беларуску некалькім сотням беларускіх сем’ям па прычыне таго, што проста не хапае месцаў у класах, каб залічыць усіх жадаючых. На думку Паўла Севярынца, гэтую задуму магчыма ажыццявіць у цяперашніх умовах у Літве, бо там праходзіць зараз палітыка мінімізацыі расейскай мовы ў адукацыі.
Да таго палітык лічыць вельмі важным для беларусаў увесці святкаванне яшчэ аднаго Дня незалежнасці, як гэта ёсць, да прыкладу, у Літве, там адзначаецца Дзень незалежнасці і Дзень аднаўлення незалежнасці. Паводле Паўла Севярынца, другі Дзень незалежнасці беларусам варта адзначаць 25 жніўня нароўні з Днём Волі.
Палітык патлумачыў сваю прапанову тым, што ў Беларусі прынялі Дэкларацыю аб незалежнасці Беларусі 27 ліпеня 1990 года, праўда тады яе прынялі, але яна была нядзейснай. А вось пасля путчу ў 1991 годзе, калі зруйнавалася савецкая імперыя, 25 жніўня Вярхоўны савет Беларусі сваім рашэннем надаў канстытуцыйны статус Дэкларацыі незалежнасці Беларусі. І, як зазначае палітык, у адрозненне ад Трэцяй устаўной граматы БНР, гэта была не проста дэкларацыя, а рэальная незалежнасць. І з 1991 па 1995 год беларусы мелі незалежную дзяржаву з усімі яе атрыбутамі. Але пасля прыйшоў Лукашэнка, і пачалася ўжо іншая старонка ў гісторыі Беларусі.
Мікола Бугаёў