Праваабаронцы лічаць, што «акалічнасці вынясення прысудаў, якімі Уладзіславу Савіну прызначаны такі працяглы тэрмін пазбаўлення волі, значную частку якога складае адвольнае пакаранне за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх правоў і свабод, прымушаюць патрабаваць перагляду прысуду і спынення пераследу паводле арт. 342 і 368 Крымінальнага Кодэкса».
Што да абвінавачвання ў махлярстве, то, паводле матэрыялаў крымінальнай справы, вядзецца пра падман людзей, якія выказалі жаданне ўзяць удзел у рэаліці-шоў «Автобус-2», «Корабль-2», «Самолет-1,2», «Бандиты Мексики», «Мисс Дубай», бо здымкі не адбыліся. Паводле версіі абвінавачвання, Уладзіслаў Савін з 20 сакавіка 2015 па 5 красавіка 2016 году «шляхам падману (махлярства) асобаў завалодаў грашовымі сродкамі ў агульнай суме эквівалентнай 8430 базавым велічыням (175 142 рубля 44 капейкі)».
Крымінальная справа па гэтым інцыдэнце была распачатая яшчэ ў 2016г., але Уладзіслаў Савін першапачаткова праходзіў пацярпелым, потым сведкам. Справу закрывалі, а ў жніўні 2020-га яе зноўку аднавілі паралельна з абвінавачаннем у арганізацыі паслявыбарчых пратэстаў. У віну блогеру паставілі тое, што ён, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі з 13 жніўня 2020 году па 8 красавіка 2021 году, «замахваючыся на грамадскі парадак і сферу яго сацыяльных патрабаванняў» у сацыяльнай сетцы Instagram стварыў старонку пад сваім імем «з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, а таксама з мэтай арганізацыі збору як актыўных, так і пасіўных удзельнікаў парушэння грамадскага парадку на тэрыторыі Беларусі, схілення іх да канкрэтных, у тым ліку групавых, дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, …сфарміраваўшы такім чынам супольнасць аднадумцаў».
Станіслаў Іваноўскі