Гэтыя сродкі пойдуць, найперш, на стварэньне саміх цэнтраў для ўтрыманьня незаконных мігрантаў. Мяркуецца, што ў межах адпаведнага праекту ў краіне зьявяцца тры такія цэнтры, адзін зь якіх – у Віцебску.
Згодна з пастановай Саўміну, зараз права праводзіць перамовы наконт пагадненьня і «пры неабходнасьці ўносіць у яго зьмены і дадаткі, што ня маюць прынцыповага характару», перададзенае Міністэрству ўнутраных справаў. Менавіта гэтаму міністэрству і нададзенае паўнамоцтва падпісаць пагадненьне «пры дасягненьні дамоўленасьці ў межах ухваленага праекту».
У цяперашні час у Беларусі няма спэцыялізаваных установаў для замежнікаў, якія чакаюць, як будзе ажыцьцёўленая працэдура із дэпартацыі з Рэспублікі Беларусь. Палітычныя і грамадзянскія актывісты, якія трапілі на адміністрацыйныя арышты пасьля падзеяў сёлетняй вясны, распавялі, што ў ізалятарах часовага ўтрыманьня (ІЧУ) Віцебшчыны знаходзяцца шматлікія мігранты-дэпартанты зь Віетнаму, Банглядэш, Украіны. Шмат хто з іншаземцаў вымушаныя праводзіць у ІЧУ па некалькі месяцаў, хоць жорсткія ўмовы ў гэтых установах прадугледжаныя толькі для кароткатэрміновага знаходжаньня арыштантаў у іх.
Кастусь Дзьвінскі