Зьнікае традыцыйная драўляная архітэктура. Кажучы пра аб’екты па ўсёй тэрыторыі Беларусі, якія адыходзяць у нябыт, – ніхто іх не дасьледуе, ніхто іх не фіксуе. Мінкульт адхіляе прапановы, каб найбольш яскравым прыкладам дойлідства надаць статус помніку.
А пра музэй наогул гаворка асобная. Навукова-асьветная установа нават не дасылае супрацоўнікаў у камандзіроўкі для вывучэньня і фіксацыі драўляных традыцыйных пабудоў. У лепшым выпадку сьпіхвае гэтыя праблемы на сельсаветы, быццам бы там спэцыялісты.
Ды ня толькі. Нават нармальна не забясьпечваюць захаваньне экспазыцыйных помнікаў на сваёй тэрыторыі. Ужо колькі год, як на тэрыторыі экспазыцыйнага сэктару “Паазер’е”, у музэі, скарочаны вартавы пост.
Як вынік, калі адбылося ўзгараньне адрыны, то пажарных выклікалі не вартаўнікі музэю, якія пажару не заўважылі пад час свайго пільнага нясеньня службы, а жыхары суседняй вёскі Азярцо. І яшчэ для паўнаты карціны безадказнасьці і абыякавасьці: на тэрыторыі музэю ёсьць ўласнае пажарнае дэпо на дзьве машыны…
Паводле westki.info