Панядзелак, 18 Май 2026

Паўла Севярынца ўзнагародзілі Ордэнам Пагоні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Палітыка і былога палітвязня Паўла Севярынца, які родам з Віцебшчыны, Рада БНР 17 траўня ў Вільні ўзнагародзіла тытулам кавалера Ордэна Пагоні з наданнем адзнакі Крыжу Ордэну Пагоні. Урачыстая цырымонія прайшла ў віленскім Беларускім музеі імя Луцкевіча.

 Павел Севярынец быў узнагароджаны ў Вільні ордэнам разам са сваім сябрам і паплечнікам - палітыкам і былым палітвязнем Змітром Дашкевічам. Тым самым яны ўвайшлі ў лік шасці кавалераў Ордэна Пагоні, што з’яўляецца адной з самых вышэйшых узнагарод БНР. Гэты тытул раней быў прысвоены такім значным і ўплывовым асобам, як Зянон Пазняк і Алесь Бяляцкі.

 Як адзначыў Пвел Севярынец, пра ўзнагароджанне ордэнам, якое мелася адбыцца бліжэй да лета, яму паведамілі адразу пасля вызвалення.

 “Гэта вялікая адказнасць. Я думаю, што гэта ўзнагарода не толькі для мяне, але і для ўсіх беларусаў, якія прайшлі праз турмы і ўдзельнічалі ў беларускім руху. Я вельмі ўдзячны Радзе БНР, атрымаць такую ўзнагароду — вялікі гонар”, - пракаментаваў свой новы тытул Павел Севярынец.

Паводле сакратаркі Рады БНР Паліны Прысмаковай, дэкрэт аб узнагароджанні Паўла Севярынца быў выдадзены два гады таму, у 2024 годзе, на Дзень Волі - 25 сакавіка, калі ён яшчэ знаходзіўся ў зняволенні ў Беларусі. І вось толькі цяпер з’явілася магчымасць правесці ўзнагароджанне.

 Нагадаем, вядомы палітык Павел Севярынец, ураджэнец Оршы, быў затрыманы ў чэрвені 2020 года і асуджаны на 7 гадоў зняволення волі па  ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

На волю былы палітвязень выйшаў 13 снежня 2025 года. Лукашэнкаўскія ўлады яго ў ліку 109 іншых грамадзян Беларусі вывезлі спачатку ва Украіну, пасля палітык пераехаў у Літву.

Мілана Веснавая

Фота з асабістага архіву Паўла Севярынца