Наведаць усе мерапрыемствы не пашчасьціла, затое ўвечары адмыслова завітаў у вялікую залю Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва, дзе мусіў прайсьці пэрформанс аднаго з самых скандальных сучасных мастакоў краіны - Канстанціна Мужава. Зразумела, што ніякай «супрэматысцкай хады» ў сценах прыстойнай мастацкай галерэі экспрэсіўнаму менскаму экспэрымэнтатару ладзіць ніхто б не дазволіў, таму цікава было даведацца, чым мусіў зьдзівіць гэтым разам не спакушаную гэткага кшталту мастацтвам віцебскую публіку пасьлядоўнік Ёзэфа Бэйса ды Алега Куліка.
Шчыра кажучы, не зьдзівіў! Хаця шчодрая тутэйшая публіка, якая складалася ў асноўным з маладзёнаў, заангажаваных у галіне мастацтва, паставілася да пэрформансу досыць прыязна. Пэрформанс складаўся з дэманстрацыі загадзя змантажаванага відэашэрагу, ў які ўвайшлі фрагмэнты тэленавінаў, узятыя зь вядомых сусьветных сродкаў масавай інфармацыі. Усе яны тычыліся тэмы ўцекачоў і мігрантаў, што тым ці іншым спосабам трапляюць у Эўропу.
На белы экран, пастаўлены ў залі, дэманстраваўся фільм, а тры зробленыя на ім адтуліны Канстанцін Мужаў запоўніў сваёй галавой і рукамі. Атрымаўся гэтакі нібыта раскрыжаваны на экране барадаты мужчына ў белай кашулі, аздобленай блізкай да беларускага арнамэнтам. Твар ягоны быў запэцканы чорнай фарбай, што, відаць, мусіла засьведчыць разнастайнасьць кантынэнтальнай прысутнасьці ў шэрагах новых эўрапейскіх мігрантаў.
Удзел у пэрформансе ўзяў і дырэктар цэнтру сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў. Чыноўнік ад мастацтва і мастак адначасна, ён непрацяглы час імкнуўся адмыць твар пачарнеламу, дзеля канстатацыі пэўнай ідэі, Мужаву. Твар адмыць не ўдалося. Затое многія зразумелі, што ягоныя намаганьні сымбалізавалі ці то ўвесь заходні лад жыцьця, ці то эўрапейскую бюракратыю, што спрабуе прыстасаваць чарнаскурых мігрантаў, дый ня толькі іх, да існуючых там стандартаў паводзінаў і жыцьця.
Спосаб выкладаньня кінаматэрыялу можна адзначыць як агрэсіўны. Гэткай самай асаблівасьцю вылучаецца і музыка, прасякнутая, як падаецца, пазнавальнымі нацыянальнымі матывамі, якія заглушаюцца нейкай агульнай какафанічнай манэрай выкананьня. Тэлевізійныя кадры змантажаваныя гэткім чынам, што складваецца ўражаньне, нібыта ва ўсіх бедах уцекачоў і мігрантаў вінныя амэрыканцы і Пэнтагон, вайсковыя дзеяньні якіх на тэрыторыях іншых дзяржаваў змушаюць людзей пакідаць свае гарады і краіны. Ня раз зьяўляюцца і кадры, адзьнятыя на Майдане і ў зоне расейска-ўкраінскага канфлікту. Так, многія людзі праз разнастайныя трагічныя ці гераічныя падзеі змушаныя пакідаць свае абжытыя дамы, але ці можна ўспрымаць іхныя лёсы і паводзіны толькі з боку ахвяраў абставінаў? І ці не адказныя праз сваю абыякавасьць і недасьведчанасьць многія зь іх за тыя падзеі, што разгортваюцца ў іхных краінах?
Як па мне, дык прадэманстраваны фільм выдае адну відавочную акалічнасьць: зроблены ён чалавекам ці людзьмі, якія успрымаюць рэчаіснасьць выключна з тэлевізійнага экрану, без асаблівага заглыбленьня ў тэму досьледу. Да таго ж відаць, што стваральнікі не шукалі прычынаў і адказаў, яны ўжо загадзя былі сфармуляваныя, а ўжо пад іх падбіраліся аргумэнты і факты. Дый ня дзіўна, бо ў адваротным выпадку тутэйшыя ідэалягічныя цэнзары ніколі не пусьцілі б Канстанціна Мужава да неспакушаных віцебскіх гледачоў.
Пасьля дэманстрацыі неўласьцівага для Мужава пэрформансу, ён сказаў некалькі словаў для прысутных гледачоў: «Я мяркую, што кожны зразумеў, пра што вядзецца – гэта пра ўцекачоў, мігрантаў пасьля таго, як яны трапляюць у Эўропу. Яны думаюць, што трапілі ў казку, а потым пачынаюцца нюансы. Нюансаў зашмат. Людзі з Афрыкі меркавалі, што будуць добра жыць, а прыходзяць да таго, што пачынаюць красьці. Многія не прыжываюцца. Сярод мігрантаў і ўцекачы з Блізкага Ўсходу. Эўрапейцы пачынаюць змываць зь цябе фарбу, робячы зь цябе белага, а змытай фарбай адкатваюць твае рукі, робячы адбіткі пальцаў. Фільм пра гэта. Мяне вельмі моцна закранула ўзьнятая праблема».
Пасьля сваёй прамовы мастак сышоў умываць чорны ад грыму твар, і выйшаў ужо у зусім іншым абліччам дзеля таго, каб хуценька сабраць задзейнічаны рэквізыт і пакінуць прысутных сам-насам з графічнымі працамі Антона Ламаева, прэзэнтацыя якіх адбылася гадзінай раней. Сам мастак з гораду на Няве на адкрыцьці сваёй выставы не прысутнічаў. Вядомы ілюстратар прывёз у Віцебск свае працы да твораў І. Бабеля «Конармія» і «Адэскія апавяданьні». Можна было набыць і кнігі казак вядомых аўтараў зь ягонымі шыкоўнымі і дыхтоўнымі ілюстрацыямі для дзяцей, дзе ягоныя творчыя здольнасьці праявіліся даволі яскрава.
« Ноч музэяў» у Віцебску скончылася «Кінаноччу ў ВЦСМ».
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/509-noch-muzeyau-u-vitsebskim-tsentry-suchasnaga-mastatstva#sigProIdf533ed6dc3