Перад пачаткам лекцыі ў залі абласной бібліятэкі прысутныя хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць дэкана гістарычнага факультэту ВДУ Валера Шораца, які 26 верасьня заўчасна сканаў на 58-м годзе жыцьця.
Відаць, для захаваньня інтрыгі, разагрэву публікі і ўводу яе ў пэўны гістарычны дыскурс, асноўнай лекцыі папярэднічаў выступ Мікалая Пархімовіча, дацэнта катэдры гісторыі Беларусі ВДУ. Гісторык пазнаёміў слухачоў з існуючымі канцэпцыямі зьяўленьня індаэўрапейцаў, шляхамі іх пранікненьня ў Эўропу і вылучэньня зь іх асяродку ўсходніх славянаў.
У працяг прамовы М. Пархімовіча галоўны спэцыяліст аддзелу культуры ўпраўленьня ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі аблвыканкаму Дзяніс Юрчак адзначыў, што перад меркаваным зьяўленьнем Вольгі ў Віцебску на заснаваным балтамі гарадзішчы на гары Ламісе ўжо жылі крывічы.
Далей слова ўзяў загадчык катэдры гісторыі Беларусі ВДУ Анатоль Дулаў, які нарэшце і прыгадаў занатаваную Міхалам Панцырным у «Віцебскім летапісе» легенду пра княгіню Вольгу і паставіў пытаньне пра яе верагоднасьць.
У выніку развагаў гісторыкі выказалі меркаваньне, што ў аснову легенды маглі быць пакладзеныя рэальныя факты. А Сафійскі летапіс пра прыналежнасьць Віцебску кіеўскім князям (да 1021 году) можа сьведчыць пра тое, што менавіта Вольга магла падпарадкаваць Кіеву горад, які на момант ейнага зьяўленьня ўжо існаваў.
Факт бытаваньня мясцовага паданьня яшчэ да 15 стагоддзя пацьвярджае і тая акалічнасьць, што прыгаданая ў легендзе мураваная царква святога Міхаіла была разбурана падчас узяцьця Віцебску Вітаўтам і надалей існавала толькі ў драўляным выглядзе.
Намесьнік дырэктара абласнога краязнаўчага музэю Валер Шышанаў распавёў прысутным пра сваю работу з арыгінальным рукапісам «Віцебскага летапісу», але і яму не пашчасьціла вызначыцца з дакладнай датай заснаваньня гораду. На прадэманстраваным публіцы слайдзе немагчыма адназначна сказаць, якую дату напісаў Міхал Панцырны: ці то 974, ці то 947, ці то 977.
Затое Валер Шышанаў з поўнай упэўненасьцю паведаміў слухачам пра наяўнасьць другога гістарычнага дакумэнту, які нібыта засьведчыў факт заснаваньня княгіняй Вольгай Дабравешчанскай царквы ў Віцебску. Як нядаўна высьветліў гісторык Максім Макараў, у 1891 годзе ў «Гісторыка-юрыдычных матэрыялах, узятых з актавых кніг губэрняў Віцебскай і Магілёўскай» архіварыюсам Міхаілам Вяроўкіным быў апублікаваны ўнівэрсал віцебскага ваяводы Казімера Аляксандра Пацея, выдадзены брацтву Дабравешчанскай царквы ў 1714 годзе.
Сяргей Бабенка, кіраўнік клюбу гістарычнай рэканструкцыі «Vargentorn», адзначыў: «Калі Вольга і напраўду была ў Віцебску, то ейнае зьяўленьне магло спрыяць падвышэньню эканамічнай функцыі гораду, які ляжыць на шляху з варагаў і грэкі. Вядома, горад існаваў задоўга да зафіксаванай у летапісных крыніцах даты, але для чалавечай псыхалёгіі вельмі важна мець дакладную акрэсьленасьць».
Дзяніс Юрчак пры канцы мерапрыемства задаўся пытаньнем: «Ці ставіць помнікі легендам?» Пытаньне неаднаразова ўздымалася ў сродках масавай інфармацыі і выклікала бурныя дэбаты, але: «Чаму б не паставіць?» Маўляў, такія помнікі сваім легендарным заснавальнікам маюць Рым, Кіеў, Вільня, Харкаў, Крывы Рог...
«Калі выбіраць паміж нічым і прыгожай легендай, якая зафіксаваная гістарычна і ў якую верылі нашы продкі на працягу стагодзьдзяў, то трэба выбіраць апошняе. Княгіня Вольга адназначна заслугоўвае таго, каб упрыгожыць горад Віцебск. У бронзе», – падкрэсьліў Дзяніс Юрчак.
Мяркую, пасьля гэткай заявы гісторыка дэбаты на гэты конт у хуткім часе выплюхнуцца за сьцены абласной бібліятэкі.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2005-bronzavy-pomnik-knyagini-volze-mozha-u-khutkim-chase-zyavitstsa-u-vitsebsku#sigProIdd7693b4b68
С. Горкі