У адказе адзначаецца, што на падставе звароту архіяпіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя і прафіі Сафійскага сабору Віцебску з ініцыятывай будаўніцтва Сафійскага сабору ў Віцебску было вызначана некалькі пляцовак. ТАА «Будгандальсэрвіс» распрацавала архітэктурна-пляніровачную канцэпцыю аб'екту па вуліцы Чэхава, якая атрымала ўзгадненьне прэзыдэнта Беларусі на вылучэньне зямельнага ўчастку для будаўніцтва Сафійскага сабору па вуліцы Чэхава ў Віцебску. Таксама быў атрыманы дазвол Міністэрства культуры на правядзеньне навукова-дасьледчых і праектных работ на будаўніцтва Сафійскага сабору ў квартале, абмежаваным вуліцамі Чэхава – Суворава – Урыцкага – рака Заходняя Дзьвіна ў Віцебску на тэрыторыі гістарычнага цэнтру XII-XX стагодзьдзяў. Старшыня Віцебскага гарвыканкаму 6 лістапада 2014 году зацьвердзіў акт выбару месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастку пад будаўніцтва сабору.
Паводле дакумэнту, у аснову праекту пакладзены генэральны плян Віцебску і праект Дэталёвага пляну цэнтральнай часткі гораду з плянам рэгенэрацыі гістарычных зон. Апроч таго, з 24 жніўня па 18 верасьня 2015 году было праведзенае грамадзкае абмеркаваньне архітэктурна-пляніровачнай канцэпцыі будаўніцтва сабору, па выніках якога 2 кастрычніка 2015 году на паседжаньні абласнога архітэктурна-горадабудаўнічага савету быў зацьверджаны пратакол з рэкамэндацыяй накіраваць праект пасьля канчатковай дапрацоўкі і ўзгадненьня ў вызначаным законам парадку для правядзеньня дзяржаўных экспэртызаў. Грамадзкае абмеркаваньне справаздачы пра ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе таксама было праведзенае, адзначаюць у гарвыканкаме.