Нядзеля, 15 Май 2016

«Крыжы выкідалі на сьметнік». Пад Віцебскам пэнсіянэр рэканструюе пахавальныя абрады крывічоў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Каменны антрапаморфны крыж і надмагільле, у цэнтры якога выяўлены «колакрыж» Каменны антрапаморфны крыж і надмагільле, у цэнтры якога выяўлены «колакрыж»

На звычайных сельскіх могілках ў 20 кілямэтрах ад Віцебску два пэнсіянэры стварылі невялічкі «музэй» старажытных пахавальных абрадаў крывічоў. Тут паказаныя традыцыі, з дапамогай якіх у розныя часы нашы продкі пазначалі пахаваньні: дамавіна, курган, намагільныя слупы, каменныя крыжы. Аднак пра гэтую ўнікальную рэканструкцыю ведаюць толькі мясцовыя жыхары, гісторыкі і краязнаўцы.

TUT.BY зьезьдзіў на могілкі у вёсцы Шэвіна, каб распавесьці пра ініцыятыву віцебскіх краязнаўцаў Уладзімера Іванова і Пятра Марозава шырокай публіцы.

У Шэвіна (гэта непадалёк ад даволі вядомай «курортнай» вёскі Вялікія Лётцы) мы выправіліся з Уладзімерам Івановым. Пятра Марозава, на жаль, ужо няма ў жывых.

Уладзімер Іваноў шмат гадоў прапрацаваў у органах МУС і на мытні, а калі выйшаў на пэнсію, усур'ёз заняўся вывучэньнем гісторыі роднага краю. Яму і прыйшла ідэя зрабіць рэканструкцыю старажытных пахавальных абрадаў. Было гэта ў 2012 годзе. Але перад гэтым ён зьдзейсьніў шмат краязнаўчых паходаў:

– Зацікавіўся старажытнымі пахавальнымі валунамі, крыжамі, сымболікай на іх, эпітафіямі. Хадзіў па старых могілках ва ўсходніх рэгіёнах Віцебшчыны, шмат чытаў на гэтую тэму. У выніку сабраў інфармацыю пра 70 артэфактаў. А пра могілкі каля вёскі Шэвіна мне распавяла віцебская мастачка Сьвятлана Баранкоўская. Кажа: «Там старажытныя крыжы валяюцца проста каля дарогі». Я прыехаў туды, гляджу, і праўда – на ўзбочыне, у сьметніку, ляжаць каля 10 крыжоў.

Уладзімер Іваноў

Уладзімер Іваноў

Добраўпарадкоўваючы магілы сваіх родных, людзі адцягвалі каменныя крыжы далей. Потым засыпалі іх сьмецьцем, выціралі аб іх пэндзлі ад фарбы... Уладзімер вырашыў, што памяць пра даўно спачылых продкаў не павiнна быць занядбанай, парушанай. Прыйшла думка акультурыць для артэфактаў адмысловую пляцоўку на краі могілак.

Пэнсіянэр зьвярнуўся па дапамогу да старшыні Лятчанскага сельсавету Віктара Бурдзея. Паказаў яму эскіз рэканструкцыі. Прадстаўнік мясцовай улады распарадзіўся, каб краязнаўцу ўсяляк садзейнічалі будаўнікі, якія добраўпарадкоўвалі дарогу ўздоўж могілак. Яны разраўнавалі бульдозэрам пляцоўку, прывезьлі 4 машыны пяску, па дамоўленасьці зь лесьнікамі сьпілавалі некалькі дрэў.

Неўзабаве да рэканструкцыі падключыўся Пётар Марозаў. «Ён такі рукасты мужык быў, выдатна спраўляўся зь цясьлярскай справай. Быў сур'ёзна хворы, але ўсё адно дапамагаў мне. Бывала, працаваў седзячы, пераадольваючы боль», – успамінае Ўладзімер Іваноў.

На тэрыторыі могілак безгаспадарна ляжаць старыя каменныя крыжы. Некаторыя зь іх ўрасьлі ў зямлю, некаторыя настолькі велізарныя, што Ўладзімеру Іванову патрэбны памочнікі, каб даставіць іх у “музэй” пахавальных абрадаў

На тэрыторыі могілак безгаспадарна ляжаць старыя каменныя крыжы. Некаторыя зь іх ўрасьлі ў зямлю, некаторыя настолькі велізарныя, што Ўладзімеру Іванову патрэбны памочнікі, каб даставіць іх у “музэй” пахавальных абрадаў

Гэты крыж знаходзіцца ў кустох за агароджай могілак. Ён таксама цяжкі, і пакуль няма магчымасьці перанесьці яго на добраўпарадкаваную пляцоўку

Гэты крыж знаходзіцца ў кустох за агароджай могілак. Ён таксама цяжкі, і пакуль няма магчымасьці перанесьці яго на добраўпарадкаваную пляцоўку

На ўсе работы пайшло больш за паўгода. Уладзімер і Пётар зрабілі агароджу, вычасалі слупы, брамку, некаторыя аб'екты пакрылі лакам – грошы на яго ахвяраваў мужчына, які аднойчы падышоў пацікавіцца, над чым гэта з такім імпэтам працуюць два пэнсіянэры.

«Потым я выпаліў шыльды з тлумачальнымі надпісамі, насыпаў курган, усталяваў крыжы, пасадзіў траву. І цяпер, праз пару гадоў, усё выглядае так, нібы пляцоўка зьявілася даўно. Падтрымліваю тут парадак, бяру серп і кашу. Прыглядае за рэканструкцыяй і старшыня сельсавету», – распавядае Ўладзімер Іваноў.

Рэканструкцыя пахавальных абрадаў продкаў на могілках у вёсцы Шэвіна Віцебскага раёну

Рэканструкцыя пахавальных абрадаў продкаў на могілках у вёсцы Шэвіна Віцебскага раёну

У цэнтры пляцоўкі – курган, абкладзены невялікімі камянямі. «На яго пайшла недзе машына пяску. Зараз ён асеў, а адразу быў вышэйшы. Продкі хавалі памерлых у кургане, а яго атачалі валунамі. Гэта была сакральная мяжа сьветаў – жывога і мёртвага. Цяпер такой мяжой зьяўляюцца мэталёвыя і іншыя загарадкі, якія ставяць ля магіл», – тлумачыць краязнаўца.

Зьлева ад кургана – дамавіна, нешта накшталт хацінкі на слупе: «Раней нябожчыка спальвалі, яго прах зьмяшчалі ў гаршчок, які ставілі ў дамавіну. Так паступалі яшчэ пагане, але традыцыя дайшла да ХХ стагодзьдзя. Падобныя аб'екты сустракаліся ў Карэліі, Чувашыі, Удмуртыі».

Паблізу прадстаўленыя рэканструкцыі пахаваньняў больш позьняга часу: намагільныя слупы (на адным зь іх выпаленая руна, якая азначае «славянская цела») і пагорак, абкладзены камянямі, са сьпічастым валуном (яго ставілі ў падгалоўе або ў нагох).

Дамавіна

Дамавіна

Kурган

Kурган

Намагільныя слупы і антрапаморфны крыж, які быў расколаты на дзьве часткі

Намагільныя слупы і антрапаморфны крыж, які быў расколаты на дзьве часткі

Але з асаблівым гонарам Уладзімер паказвае чатыры архаічныя гранітныя крыжы:

– Усе яны розных тыпаў. Вось крыж-ідал, ён падобны да постаці чалавека, таму яго называюць антрапаморфным. Ён быў расколаты. Я сам перавёз сюды меншую частку, а вялікую дапамаглі перацягнуць хлопцы. Ішла міма могілак кампанія, чалавек дзесяць. Кажу: «Мальцы, дапамажыце!». Яны адгукнуліся на просьбу. Потым я склаў дзьве часткі і замацаваў іх цэмэнтавым растворам.

А побач – надмагільле, на якім выяўлены «колакрыж», гэта значыць крыж у коле. «Пад ім пахавалі жанчыну, бо крыж косы. А калі ён прамы, то гэта азначала, што магіла мужчынская. Часта на пахавальных валунах выбівалі сымбаль сусьветнага дрэва, а таксама крыж Мары. Багіня Мара ў паганаў-славян адказвала за падземны сьвет і суправаджала туды душы памерлых», – распавядае спадар Уладзімер.

Наступны крыж, на думку Іванова, – адзін з найстаражытнейшых на Віцебшчыне. На ім напісаная эпітафія, і зь вялікай доляй імавернасьці можна казаць, што гэта зрабілі ў XVII стагодзьдзі!

«Глядзіце, усё добра чытаецца», – кажа краязнаўца і павольна водзіць пальцам па літарах на надмагільлі, каб мы таксама маглі іх разабраць.

Крыж з эпітафіяй «От нас он в рай пош. в ав. 1617»

Крыж з эпітафіяй «От нас он в рай пош. в ав. 1617»

На крыжы напісана: «От нас он в рай пош. в ав. 1617» («Ад нас ён у рай пайшоў у жніўні 1617»). Чытаецца эпітафія і праўда даволі зразумела.

Тры крыжы, паводле ацэнкі краязнаўцы, важаць ня менш за 100 кг кожны. А адзін – самы маленькі – прыкладна 40 кг. Іваноў прынёс яго сюды на рукох і вобразна называе «дзіцячым». Але гэта, вядома, ня значыць, што ён стаяў на магіле дзіцяці.

– Думаю, такой рэканструкцыі, якая зробленая на падставе мясцовых матэрыялаў і якая прасочвае, як на цягам стагодзьдзяў зьмяняліся пахавальныя традыцыі, у Беларусі больш не сустрэнеш, – мяркуе Ўладзімер Іваноў.

Самы маленькі крыж, краязнаўца называе яго «дзіцячы»

Самы маленькі крыж, краязнаўца называе яго «дзіцячы»

– Могілкі – гэта запаведнікі культуры, яны вучаць шанаваць ня толькі памяць продкаў, але і нашу гісторыю, – упэўнены краязнаўца. – Бо на шматлікія валуны і крыжы нанесеныя надпісы і сымбалі, якія робяць іх найкаштоўнейшымі помнікамі эпіграфікі і этнаграфіі, найстарэйшымі надземнымі артэфактамі. Таму яны маюць патрэбу ў вывучэньні і абароне. Сёньня лёс большасьці зь іх незайздросны: вельмі шмат унікальных аб'ектаў узарвалі ў гады савецкай улады падчас барацьбы з рэлігіяй, пракладкі дарог, мэліярацыі, разворваньня палёў і г.д. Мноства архаічных крыжоў, як у сытуацыі на могілках у Шэвіне, разьбілі і закапалі пры капаньні сьвежых магіл, адапхнулі за агароджу, засыпалі сьмецьцем, таму адшукаць іх няпроста.

На думку суразмоўцы, старыя валуны і крыжы трэба абмяраць, фатаграфаваць, уносіць у картатэку, ставіць на ўлік у мясцовай адміністрацыі, распрацоўваць да іх краязнаўчыя экскурсіі, добраўпарадкоўваць навакольную тэрыторыю. А найбольш значныя і ўнікальныя аб'екты трэба прызнаваць помнікамі прыроды або гісторыі і культуры.

Пахаваньне савецкага часу на могілках у Шэвіне. Многія помнікі на гэтым сельскім цьвінтары, на думку краязнаўцы, – ужо таксама гісторыя

Пахаваньне савецкага часу на могілках у Шэвіне. Многія помнікі на гэтым сельскім цьвінтары, на думку краязнаўцы, – ужо таксама гісторыя

Дарэчы, у ваколіцах Лётцаў – мноства славутасьцяў. Вёска Шэвіна знаходзіцца на беразе аднайменнага возера, якое вельмі любяць адпачывальнікі: улетку сюды прыяжджаюць загараць і купацца многія жыхары Віцебску. Непадалёк месьцяцца санаторыі «Лётцы» і «Чыгуначнік», яны, у сваю чаргу, папулярныя ў расейцаў. Дарога, якая праходзіць уздоўж могілак з рэканструкцыяй пахавальных абрадаў, вядзе да вёскі Лукі, дзе захавалася дарэвалюцыйная сядзіба шляхціца Астрэйкі. А ў Вялікіх Лётцах – маёнтак батаніка Ўладзімера Адамава. А яшчэ побач – «Цуд-дрэва», старажытнае гарадзішча Лысая гара і лес, дзе людзі нібыта губляюцца ў часе. Усе гэтыя аб'екты маглі б прыцягнуць турыстаў – калі б хтосьці быў у гэтым зацікаўлены.

Тацяна Мацьвеева, tut.by
Фота: Ігар Мацьвееў