Дарослы куст сумніку канадзкага ў сваіх суквецьцях утрымлівае больш за 100 000 штук насеньня, усходжасьць якога складае ад 70 да 100 адсоткаў. Дзякуючы сваім марф-фізыялягічным асаблівасьцям насеньне можа распаўсюджвацца на вялікія адлегласьці і прарастаць у неспрыяльных умовах, выцясьняючы ўсе расьліны, уласьцівыя дадзенай мясцовасьці.
Тая акалічнасьць, што мець сумнік канадзкі ў якасьці восеньскай беларускай мімозы на сваіх лецішчах ды ў кветніках ля прыватных хат лічылася калісьці ледзьве ня модай, паспрыяла хуткаму распаўсюду гэтага пустазельля па ўсёй тэрыторыі краіны. І Віцебшчына ў гэтым пляне не выключэньне. У які б бок ад абласнога цэнтру вы ні скіраваліся, яркія суквецьці расьліны будуць вашымі нязьменнымі спадарожнікамі. Дзякуючы чалавечаму невуцтву і абыякавасьці, нібыта радыяцыйны сьлед экалягічнай катастрофы цягнецца жоўтая кветачка ва ўсе бакі ад гораду і пашыраецца год ад году. Асабліва заўважнае гэтае пашырэньне ўздоўж чыгункі, паабапал якой месьцяцца лецішчы і па якой у асноўнай сваёй масе перасоўваюцца дачнікі. Можна меркаваць, што разам з уласьнікамі прыватных хат менавіта яны сталі першымі распаўсюднікамі гэтай агрэсіўнай халеры.
Слушнасьць гэтага меркаваньня пацьвярджае экалягічная сытуацыя ў ваколіцах пасёлку Альгова. Паміж пасёлкам і аднайменным садаводчым таварыствам «Альгова» паўночна-амэрыканскі зялёны агрэсар без усялякага супраціву з боку беларускай прыроды і мясцовага насельніцтва лёгка захапіў некалькі гектараў пустак на ўзгорках і забалочаных участках паабапал дарогі, якая злучае два паселішчы.
Цяпер ужо ані жыхары Альгова, ані дачнікі і ня памятаюць, як і калі трапіў сюды ўпершыню сумнік, ушчыльную падышоўшы да абодвух населеных пунктаў і ўзяўшы іх у неабыякую жоўта-зялёную аблогу. Дзякуючы адсутнасьці інфармаванасьці і нізкай экалягічнай культуры стаўленьне мясцовага жыхарства да агрэсіўнага захопу тэрыторыі досыць памяркоўнае:
– Ён тут даўно.
– Так, дрэнна, але што мы можам?
– У свой час яго прадавалі нават на рынку як лекавую расьліну, – кажуць дачнікі садовага таварыства.
Мясцовыя ўлады таксама ніякай актыўнасьці не праяўляюць. Як той казаў, пакуль не загрыміць, мужык не перахрысьціцца. Сытуацыя падобная да той, якая склалася ў краіне з распаўсюдам баршчэўніку. Спачатку гэтай расьліне дазволілі захапіць вялікія тэрыторыі, прыжыцца ў лесе, і толькі потым пачалі пакрысе змагацца.
Як паведамілі ў Віцебскай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, у раёне нібыта праведзеная інвэнтарызацыя ўчасткаў, зарослых сумнікам канадзкім, і на наступны год нават будуць выдзеленыя пэўныя грашовыя сродкі для барацьбы са шкоднай расьлінай. Праўда, з улікам бюракратычных падыходаў да разьмеркаваньня такіх сродкаў, што існуюць у краіне, спадзявацца на эфэктыўнае іх выкарыстаньне пакуль не выпадае. Эфэкт можа быць дасягнуты толькі ў адным выпадку: калі да змаганьня з распаўсюдам інвазійных расьлінаў будуць далучаная актыўная грамадзкасьць ды валянтэры незалежных экалягічных арганізацыяў.
https://viciebskspring.org/news/ekaliohija/item/2950-sumnik-kanadzki-khutka-pashyrae-svoj-areal-u-vakolitsakh-vitsebsku#sigProId5e0a609ffe
С. Горкі