Парушэньні ў “Краснасельскім”
У ліпені 2017 году Васіль Бельмач – заўзяты дайвэр і рыбалоў-падводнік – ледзь не загінуў на возеры Гайдукоўка ў Менскім раёне, патрапіўшы пад вадой у рыбалоўныя сеткі. Выратаваў жыцьцё толькі дзякуючы таму, што меў з сабой нож – пасьпеў парэзаць сетку і вынырнуць на паверхню. Але за пашкоджаныя снасьці дзяржаўная лесагападарчая ўстанова (ДЛГУ) “Краснасельскае”, якая знаходзіцца ў распараджэньні Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта, у судовым парадку спагнала з дайвэра 30 рублёў.
Пасьля гэтага пэнсіянэр пайшоў у контратаку і выявіў шмат парушэньняў у дзеяньнях лесагаспадаркі ды іншых дзяржаўных устаноў.
У размове зь “Віцебскай вясной” Васіль Бельмач сьцьвердзіў, што сетка, у якой ён заблытаўся, не была нават належным чынам абазначаная буйкамі. Ён таксама ўпэўнены, што яе выкарыстаньне наогул было незаконным, бо сетка на 5 мэтраў перавышала дазволеную законам даўжыню. Удакладняе: згодна з пастановай Мінсельгаса ад 4 лістапада 2014 году № 51, для вядзеньня прамысловага рыбалоўства дазволеныя сеткі даўжынёй 50-75 мэтраў. Тут жа выкарыстоўваліся дзьве аб’яднаныя паміж сабой прылады па 40 мэтраў (то бок агульная даўжыня складала 80 м).
Апроч таго, Васіль Бельмач даводзіць, што прамысловая рыбалоўная сетка была маркіраваная незаконна і знаходзілася ў вадаёме больш часу, чым гэта дазваляе заканадаўства – больш за суткі (дазволена ня болей за 20 гадзін). Узьнікла таксама пытаньне пра незаконную рэалізацыю сетак прадпрымальнікам з Пастаў Лісіцай і незаконным захоўваньні рыбалоўных сетак на тэрыторыі гаспадаркі.
“Такое ў страшным сьне не прысьніцца…”
Усе гэтыя парушэньні Васіль Бельмач падрабязна пералічыў у звароце на імя начальніка дзяржінспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Юрыя Церцеля, але чыноўнік іх адкінуў. Як лічыць пэнсіянэр, у сваім адказе на зварот Церцель перакручвае заканадаўства і выяўляе сябе як галоўнага супольніка браканьераў у краіне.
“Усё проста, ДЛГУ “Краснасельскае” знаходзіцца ў распараджэньні Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта, а тамтэйшых чыноўнікаў чапаць нельга, можна толькі рабацяг і калгасьнікаў”, – гаворыць Бельмач.
Прыкладам, у адказе Юрыя Церцеля гаворыцца пра тое, што “заканадаўствам не ўстаноўленыя абмежаваньні па працягласьці знаходжаньня прыладаў лоўлі ў вадзе”.
“Такое нават у страшным сьне ня можа прысьніцца, – камэнтуе Васіль Бельмач. – Бо згодна з указам № 580, прылады лоўлі могуць знаходзіцца ў вадзе ня больш за 20 гадзін, а што звыш таго – ёсьць браканьерствам. Неабмежаванае знаходжаньне сетак у вадзе вядзе да замору рыбы, яе гніеньня, стварэньня пагрозы для здароўя і жыцьця людзей”, – гаворыць Васіль Бельмач.
Рэалізатары сетак на Віцебшчыне – незаконныя?
Паводле слоў былога пракурора, зусім жахлівая сытуацыя з рыбалоўнымі сеткамі склалася якраз у Віцебскай вобласьці.
Васіль Бельмач сьцьвярджае, што ўсе рэалізатары рыбалоўных сетак на Віцебшчыне дзейнічаюць незаконна, бо рашэньне Віцебскага аблвыканкаму №27 (ад 22 студзеня 2004), у якім падаецца пералік прадпрымальнікаў-рэалізатараў, ня мае юрыдычнай сілы. Справа ў тым, што рашэньне аблвыканкаму дагэтуль не праходзіла абавязковую юрыдычную экспэртызу ў Міністэрстве юстыцыі і не накіроўвалася для ўключэньня ў Нацыянальны рэестар прававых актаў.
З гэтай нагоды Васіль Бельмач некалькі разоў зьвяртаўся ў Віцебскі аблвыканкам і атрымаў два амаль што аднолькавыя адказы – ад намесьніка старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Белавуса і ад першага намесьніка Алега Мацкевіча. Чыноўнікі запэўніваюць, што гэты дакумэнт (рашэньне № 27) мае статус лякальнага прававога акту і не падлягае абавязковай юрыдычнай экспэртызе.
Васіль Бельмач кажа, што быў вельмі зьдзіўлены, бо ва ўсіх астатніх рэгіёнах Беларусі (прынамсі – у Гомельскай, Менскай і Магілёўскай) падобныя дакумэнты праходзілі юрыдычную экспэртызу, былі ўключаныя ў нацыянальны рэестар і мелі сілу нарматыўных актаў.
Каб высьветліць сытуацыю, Бельмач зьвярнуўся ў Мін’юст. Першы намесьнік міністра юстыцыі Задзіран у адказе на зварот адзначае, што “па выніках папярэдняга аналізу Рашэньня №27 Віцебскага аблвыканкаму, у ім угледжваюцца прыкметы нарматыўнага прававога акту” і што “Міністэрствам юстыцыі будзе прапанавана Віцебскаму аблвыканкаму накіраваць рашэньне №27 для праходжаньня абавязковай юрыдычнай экспэртызы”.
“То бок дакумэнт увесь гэты час ня меў юрыдычнай сілы, а значыцца, у прадпрымальніка Лісіцы не было законных падстаў на рэалізацыю рыбалоўных сетак. Як ня маюць іх яшчэ каля 20 рэалізатараў на Віцебшчыне, ня кажучы ўжо пра тых, хто дае абвесткі аб продажы сетак у інтэрнэце. Больш за тое, іхныя дзеяньні маюць склад адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага арт. 15.36 КаАП (Назаконны выраб, набыцьцё, захоўваньне ці продаж прыладаў здабычы рыбы альбо іншых водных жывёл)”, – камэнтуе Бельмач.
“Ці ўжо забыліся, што было ў Воршы?..”
Дзеяньні віцебскіх чыноўнікаў ён называе злачыннымі. “Адкуль такое абыякавае стаўленьне? Можа, тут ёсьць асабістая зацікаўленасьць? Ці нашую краіну да канца дабіць хочаце? У вас пакуль што атрымліваецца, асабліва ў Віцебскай вобласьці”, - ня стрымлівае эмоцый былы памочнік пракурора.
“Калі памыліліся, дык выпраўляйце, а не круціцеся як вужы на патэльні. Ці ўжо забыліся, што было ў Воршы? Праз такіх памагатых, як вы, неўзабаве ў вадаёмах Віцебскай вобласьці браканьераў будзе больш, чым рыбы ў вадзе. Ці ня сорамна перад народам?..” – зьвяртаецца да чыноўнікаў Васіль Бельмач.
Дарэчы, дайвэр і рыбалоў мае дакумэнтальнае пацьверджаньне (адказ з УБЭЗ УУС Віцебскага аблвыканаму) і таго, што прадпрымальнік Лісіца быў-такі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці за незаконны продаж прыладаў для рыбалоўства (арт 15.6 КаАП РБ). Менавіта ў сетку Лісіцы патрапіў летась Васіль Бельмач падчас падводнага паляваньня ў “Краснасельскім”.
Зьміцер Міраш
https://viciebskspring.org/news/ekaliohija/item/2923-brakanery#sigProId9284be5e71