Панядзелак, 06 Красавік 2026

Віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава прызналі ўдзельнікам “экстрэмісцкага фармавання”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле рашэння КДБ ад 31 сакавіка “экстрэмісцкім фармаваннем” прызнаны Беларускі Хельсінскі Камітэт - адна з найстарэйшых беларускіх праваабарончых няўрадавых арганізацый. 6 красавіка інфармацыю пра гэта апублікаваў сайт Міністэрства ўнутраных спраў. У якасці ўдзельнікаў “экстрэмісцкага фармавання” у рашэнні КДБ згаданы Дзмітрый Маркушэўскі і Павел Левінаў.  

Павел Левінаў ужо некалькі год жыве ў вымушанай эміграцыі, але працягвае змагацца з парушэннямі правоў беларускіх грамадзян. Летась яго абралі лаўрэатам Праваабарончай прэміі ў намінацыі “Праваабаронца года”.

Эфектыўнасць дзейнасці віцебскага праваабаронцы “адзначылі” і беларускія ўлады: Левінава  абвясцілі ў вышук, распачаўшы супраць яго крымінальную справу паводле ч.2 арт 342 КК РБ ( Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Пасля таго, як фотаздымак Паўла Левінава трапіў на стэнды "Іх шукае міліцыя", праваабаронца напісаў зварот да пракурора г. Віцебска Андрэя Шклярэўскага, бо лічыць, што ў дачыненні да яго складальнікі аб“явы парушылі прэзумпцыю невінаватасці. У прыватнасці, Левінава абурыла, што яго публічна назвалі злачынцам, хаця суду, які прызнаў бы яго вінаватым паводле ч.2 арт. 342 КК РБ, не было. Не кажучы ўжо пра тое, што ў абвестцы яго назвалі вінаватым адразу ў некалькіх злачынствах.

Яшчэ ў лютым 2021г. ў кватэры  праваабаронцы быў праведзены ператрус і  канфіскавана частка маёмасці, на якую накладзены арышт. Тады Левінаў быў у статусе падазраванага па крымінальнай справе. Нагадаем, што  тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці паводле артыкулу 342 КК РБ складае 5 гадоў. І для праваабаронцы, які ўжо 5 год не жыве ў Беларусі, ён таксама скончыўся. Аднак улады знайшлі новыя падставы, каб прызнаць праваабаронцу вінаватым - цяпер за ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні". 

Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК) — адна з найстарэйшых беларускіх праваабарончых няўрадавых арганізацый, створаная ў 1995 годзе для садзейнічання выкананню нормаў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека. У 2021 годзе пазбаўлены рэгістрацыі ў Беларусі.

Пётр Рагоўскі