Віцебскі абласны суд разбіраў справу Андрэя Зуева ў парадку спецвытворчасці і пастанавіў, што жыхар Наваполацка вінаваты паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці іншай варожасці)
- арт. 293 (навучанне або падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках)
- арт. 361-1 ( стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім)
- арт.369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Паводле прысуду , мужчына абавязаны выплаціць 8 тысяч рублёў штрафа на карысць дзяржавы і яшчэ 2 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды міліцыянту Сяргею Салаўю.У кошт пагашэння гэтых выплат было арыштавана лецішча актывіста, якое належыць яму і ягонай жонцы. Кожная з двух доляў па 15,9 кв.м выстаўлена на аўкцыён за 2800 рублёў. Аўкцыён па продажы садовага доміка прызначаны на 2 верасня.
Андрэй Зуеў – былы сябар «Народнай Грамады», бацька 4 дзяцей, удзельнік сустрэч з Сяргеем Ціханоўскім. Увесну 2020 г. яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці нібыта «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» - за ўдзел у гутарцы з блогерам, дзе ён раскрытыкаваў сістэму кіравання Аляксандра Лукашэнкі і дзейнасць урада. Улетку 2020г. Зуева зноў судзілі па тым самым артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. У 2021 годзе актывіст пакінуў Беларусь.
Ганна Грамыка