Чацвер, 21 Жнівень 2025

У Полацку “падшэфных” крымінальна-выканаўчай інспекцыі змусілі прыбіраць гарадскія могілкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

”Дабрачынную акцыю” правёў Полацкі РАУС. Яна праводзілася  з мэтаю “ сацыялізацыі раней судзімых асоб і правядзенню мерапрыемстваў, накіраваных на ўключэнне асоб, якія маюць судзімасць, у грамадскае жыццё і працоўную дзейнасць”. “Клопат” міліцыі пра падпарадкаваных ёй людзей відавочны - ім нават не выдалі рукавіцы.

Каля 20-ці чалавек “добраахвотна” прыбіралі смецце,  галлё і лісце, і ўсё гэта - ва ўласнай вопратцы і літаральна голымі рукамі. А вось граблі і рыдлёўкі ім выдаць не забылі.

Не абавязковым, на думку міліцыі, у падобных выпадках з’яўляецца і інтруктаж па тэхніцы бяспекі. Ужо не кажучы пра тое, што людзі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, проста не могуць адмовіцца ад выкарыстання іхнай дармовай працы.

 Цяпер на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Полацкага РАУС знаходзяцца 860 асоб, 202 з якіх не працаўладкаваны. У міліцыі лічаць, што падобныя “суботнікі”  павінны дапамагчы “ пазбегнуць паўтарэння крымінальнага мінулага, а таксама дадуць шанц на выбудоўванне паўнацэннага жыцця”.

Наталля Маліноўская