Калі верыць абласной газеце «Витебские вести», то ў сярэдзіне ліпеня адкрыўся пасля добраўпарадкавання стары парк, заснаваны яшчэ ў канцы 1940-х тагачаснымі работнікамі фабрыкі імя КІМ. Парк месціцца ў прамысловым раёне горада, і паступова прыйшоў у занядбанне. Сёлета ўвесну падчас суботніка ўлады загаварылі пра яго аднаўленне, сіламі работнікаў мясцовых прадпрыемстваў прыбралі смецце і пустыя пляшкі, паставілі некалькі лавак, пасадзілі кветкі на клумбах.
Цяпер абласная газета абвясціла, што ў парку з“явілася Алея міру. Да слова, у 1950-я гады, пасля Вялікай Айчыннай вайны, парк быў адноўлены, там высадзілі каля 200 жрэваў – таполі, ясені, клёны, бярозы... Ніводнага новага дрэва на Алеі міру не з“явілася! Заснавальнікі з Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру проста ўсталявалі шыльду з назвай. Шыльды са словамі пра мір прымацавалі і на лаўкі ўздоўж старой алеі. З нагоды ўсяго гэтага зладзілі святкаванне з выступамі раённага начальства і калектываў мастацкай самадзейнасці.
Да вялікага шкадавання гараджан, да сапраўднага добраўпарадкавання парку імя 30-годдзя ВЛКСМ яшчэ вельмі далёка. У 1950-я гады проста з тэрыторыі парка, якая складае 3 га, з маляўнічага стромкага берага быў зроблены спуск да Дзвіны, унізе быў пляж і прыстанак для малых суднаў. Шырокая лесвіца захавалася і да сёння, але прыступкі з бетону ўжо папсаваныя часам, а каля вады вырас хмызняк...
Яшчэ адным прыкладам памкнення зрабіць «адкрыццё» з нічога стаў «іміджавы аўтобусны прыпынак» каля Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта». Кожны студэнт ведае, што гэтаму прыпынку на Маскоўскім праспекце ўжо дзясяткі гадоў. Аднак падчас сёлетняга «Славянскага базара» яго зноў «адкрывалі» з песнямі, танцамі і ўрачыстымі прамовамі. Нагодай стала тое, што прыпынак стандартнай канструкцыі аформілі фота-малюнкамі на тэму БРСМ, студэнцкіх будаўнічых атрадаў і гэтак далей.
Відавочна, што ў горадскіх уладаў бракуе як фінансавых, так і інтэлектуальных рэсурсаў, каб здзівіць жыхароў і гасцей насамрэч новым аб“ектам інфраструктуры. І тады пачынаецца просты падман: новая алея без адзінага новага дрэва або новы прыпынак, які ўжо даўно стары.
Феліцыян Красоўскі