Субота, 22 Ліпень 2023

ДзяржСМІ хаваюць праблемы гараджан, з якімі тыя звяртаюцца да ўладаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Крытыкаваць сацыяльныя і эканамічныя недахопы ў Беларусі нібыта не забаронена.Нібыта нават наадварот: дзяржаўным медыям загада выкрываць хібы, якія замінаюць мясцовым жыхарам працаваць або адпачываць. Але на практыцы атрымліваецца наадварот. Нават там, дзе пералік праблем можна было хаця б назваць, дзяржаўныя газеты абыходзяцца агульнымі фразамі. Чарговы прыклад -артыкул пра прыём грамадзян у райцэнтры Гарадок, які правяла Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцюкевіч.

Вымушанае беспрацоўе, малыя заробкі і пенсіі, цяжкасці з працаўладкаваннем па адных спецыяльнасцях і кадравы дэфіцыт у іншых галінах – вось кола праблем, па якіх мусілі б адбыцца грунтоўныя размовы са станоўчым вынікам. Аднак абласная газета «Витебские вести» пазбягае нават пераліку пытанняў, па якіх людзі звярнуліся да Ірыны Касцюкевіч: «Обращения касались не только сфер, за которые отвечает министр. Однако всем гражданам по тематике их обращений были даны разъяснения специалистами соответствующих ведомств. Вопросы, требующие времени для их решения, взяты на контроль».

ДзржСМІ паведамляе, што на прыём трапілі больш за 10 чалавек, прычым нават з іншых рэгіёнаў. Чаму б не напісаць пра тое, на што скардзяцца людзі і як улады могуць вырашыць тыя ці іншыя праблемы? Пытанне рытарычнае, на якое напрошваецца просты адказ: складанасці жыхароў «глыбінкі» мала хвалююць міністраў, якія прыязджаюць на падобныя выязныя прыёмы, але адзінае, што могуць зрабіць – гэта раздаць даручэнні мясцовым кіраўнікам.

Але мясцовыя кіраўнікі не ў стане вырашыць праблемы, якія сталі ў Беларусі глабальнымі – ад дэфіцыту медычных кадраў да кепскага стану дарог, ад нізкіх заробкаў да беднага асартыменту прадуктаў у сельскіх крамах або аўталаўках... Таму на прыёмы да сталічнага кіраўніцтва людзі не спяшаюцца: што толку хадзіць, калі пытанне «возьмуць на кантроль», а потым прышлюць адпіску?

Каб было іначай, дзяржаўныя газеты напісалі б пра паспяхова вырашаныя пытанні жыхароў таго ці іншага рэгіёну. Але і тут сказаць няма чаго.

Лявон Каляда