У Віцебску 18 лютага актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” ў межах маратону “Хваля салідарнасьці” зладзілі супольную малітву за палітвязьняў. Яна праходзіла каля Эўфрасіньнеўскага крыжа. “Нас было няшмат, але людзей у чорным, якія пільна сачылі за намі і былі гатовыя ў любы момант на нас накінуцца, было ў два разы больш”, - адзначыла каарданатарка БХД па Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец.

Судовае паседжаньне па адміністрацыйнай справе актывістаў аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Станіслава Лаўрэнава і Аляксея Кішчука перанесенае на 16:00 21 лютага. Гэткае рашэньне прыняла сёньня судзьдзя Іна Грабоўская пасьля таго, як затрыманыя запатрабавалі адвакатаў. Выходныя актывісты БХД правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Ім прад’яўленае абвінавачваньне паводле арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

17 лютага ў Віцебску мясцовыя сябры аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” правялі сумесную акцыю ў межах “Хвалі салідарнасьці”. У гэты дзень яны разам напісалі лісты беларускім палітвязьням, а таксама ўзялі капэрты з адрэсамі вязьняў з сабой, каб як мага больш людзей маглі напісаць ім. “Спадзяемся, што лісты дойдуць да ўсіх зьняволеных”, - адзначыла каардынатарка аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец.

16 лютага каля апоўдня ў Віцебску былі затрыманыя сябры БХД Стас Лаўрэнаў і Аляксей Кішчук. Іх затрымалі ў цэнтры гораду ля Плошчы Свабоды пасьля таго, як яны вывесілі расьцяжку “Свабоду палітвязьням”. Пра гэта паведаміла віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні БХД Тацьцяна Севярынец. Актывісты зьвязаліся зь ёй па мабільніку і паведамілі, што іх вязуць у міліцыю. Паводле яе словаў, хлопцаў адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску.

Малады чалавек на вачох у людзей падняўся на слуп і ўстанавіў там нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта адбылося ў самым цэнтры гораду, каля "Сіняга дому". Акцыя праведзеная ў гонар 150-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Бел-чырвона-белы беларускі сьцяг застаецца дэ-факта забароненым у краіне, пасьля таго як у 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка замяніў яго на чырвона-зялёны савецкі.