Пасыл акцыі празрысты: Міністр Іван Кубракоў мае адыграць ролю Дзеда Мароза, які раздае падарункі дзецям, што добра паводзілі сябе ў сыходзячым годзе. Літаральна так і сфармулявана яшчэ адна ўмова ўдзелу ў акцыі «Ліст І.У.Кубракову»: «Калі ты здзейсніў у гэтым годзе варты ўчынак, распавядзі пра гэта галоўнаму міліцыянеру краіны».
Можна толькі ўявіць сабе змест дзіцячых учынкаў, якія МУС палічыць «вартымі», і наяўную колькасць беларускіх дзетак ад 7 (каб ужо ўмелі чытаць) да 14 год, якія былі б падпісаныя на «усе сацыяльныя сеткі МУС». Пры гэтым варта памятаць, што падчас матэрыялы, размешчаныя ў гэтых сетках, дэманструюць жорсткасць і гвалт, а таму перадусім разлічаны на аўдыторыю 18+.
У лістах, якіх з 19 да 26 снежня чакае міністр сілавога ведамства, дзеці павінны распавесці, у якіх міліцэйскіх структурах яны мараць працаваць, і як да гэтага імкнуцца. Аўтарам 5-ці найлепшых лістоў абяцаюць запрашэнне на навагоднюю ёлку ў Палацы рэспублікі. А пераможцу дастаецца асабісты падарунак ад Івана Кубракова – чалавека, які падчас падаўлення жнівеньскіх пратэстаў 2020г. працаваў начальнікам упраўлення ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму, а ў кастрычніку 2020 года быў уганараваны званнем генерал-лейтэнанта міліцыі і прызначаны на пасаду міністра. Прыкладна з таго часу пачаліся суды па крымінальных справах за абразы ў бок міліцыянтаў і прычыненне ім «цялесных пашкоджанняў» падчас мірных пратэстаў.
Таццяна Віктарава