Нядзеля, 01 Верасень 2013

Віцебскія актывісты падалі заяўкі на акцыі салідарнасьці з доктарам Пастновым

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Заяўку ў аблвыканкам на шэсьце і мітынг 28 верасьня падпісалі каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў і сябар аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксей Гаўруцікаў. Шэсьце арганізатары хацелі б распачаць з плошчы Свабоды і праз цэнтар гораду дайсьці да Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў ды правесьці там мітынг.

Пра тое, ці задаволяць іхную заяўку, разважае спадар Гаўруцікаў: “У нас ёсьць сумны досьвед адмоваў на пікеты і мітынгі. Бо мы шматкроць зьвярталіся ў раённыя адміністрацыі па дазволы, а нам адмаўлялі на падставе рашэньня гарвыканкаму – маўляў, спачатку мы мусім заключыць дамовы на абслугоўваньне мерапрыемстваў зь міліцыяй, мэдыкамі і ЖКГ. Заключыць дамовы, пакуль мы не атрымаем дазволу ад уладаў, а таксама з розных іншых прычынах, з намі зазвычай адмаўляюцца. Але гэтым разам мы зьвяртаемся ў аблвыканкам. І адказ нам – цалкам на сумленьні абласных чыноўнікаў. Мы зьвяртаемся ў аблвыканкам, бо ў адпаведным рашэньні гарвыканкаму нічога не гаворыцца пра арганізацыю шэсьцяў, толькі пра пікеты і мітынгі. І раз мы заяўляем колькасьць удзельнікаў 1000 і болей, то гэта таксама можа санкцыянаваць толькі аблвыканкам. А мітынг мы плянуем арганізаваць якраз у адным з трох дазволеных у горадзе месцах, вызначаных гарвыканкамам. Дык што чакаем адказу”.

На думку Хрыстафора Жаляпава, у Віцебску можа сабрацца і тысяча, і болей гараджанаў, якія падтрымліваюць Ігара Пастнова – урача, які трапіў на прымусовая псыхіятрычнае лячэньне пасьля выступаў з крытыкай мясцовых уладаў і тутэйшых мэдустановаў: “Нядаўна мой старэйшы брат у мяне спытаў: “Што ты зьбіраесься рабіць?” Я стаў расказваць пра свае побытовыя пляны, але ён мяне спыніў: “Што ты будзеш рабіць, каб пакінуць нармальную краіну ў спадчыну сваім дзецям і ўнукам?”. Я падумаў, што тут якраз нядаўна адзначалі 50 гадоў «Маршу на Вашынгтон» і выступу Марціна Лютэра Кінга «Я маю мару». Я таксама маю мару. Каб сапраўды зрабіць гэтую краіну нармальнай – дэмаркатычнай, дзе б не парушаліся правы чалавека! Мы ўжо шмат гадоў змагаемся супраць таго, што нам забараняюць мітынгі і пікеты, парушаючы права на мірныя сходы, права на вольнае выказваньне сваіх думак. За гэтае права церпіць, я лічу, і Ігар Пастноў. Ен крытыкаваў улады, паказваў на недахопы ў сыстэмы аховы здароўя – дык яго абвясьцілі вар’ятам! Гэта вельмі нядобрая тэндэнцыя, і мяне гэта дужа хвалюе. Карная псыхіятрыя была за савецкімі часамі, і, здаецца, што гэтая сыстэма рэпрэсіяў вяртаецца зноўку. Гэта дужа небясьпечна і страшна, бо ў псыхушку за іншадумства, атрымліваецца, можна адправіць кожнага?”

Спадар Жаляпаў згадвае, што за парушэньне закону чалавека прыцягваюць да суду, але ён мае адваката і можа неяк бараніцца сам. А ў выпадку Ігара Пастнова суд, які прызначыў прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, праходзіў у яго адсутнасьць, і ён ня мог выказаць суду сваю пазыцыю. Ён ня меў магчымасьці і замовіць адваката.

На мінулым тыдні адвакат у Пастнова ўсё ж зьявіўся: на гэтым настаялі ягоныя сябры. Была падпісаная і перададзеная ў абласны суд касацыйная скарга на рашэньне судзьдзі Віцебскага райсуду Тацьцяны Дзегцяровай, якая санкцыянавала прымусовае псыхіятрычнае лячэньне Пастнова “на вырашэньне мэдыкаў”. Паводле судовага рашэньня, лячэньне можна прызначаць неадкладна, нават да сканчэньня 10-дзённага тэрміну на абскарджаньне. І, як паведаміў адвакату і праваабаронцам сам Пастноў, яму ўжо пачалі рабіць ін’екцыі.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"