Віцебскі праваабаронца ўжо ня першы раз спрабуе прадэманстраваць, што віцебскія чыноўнікі, абапіраючыся ў сваіх адмовах на недасканалае рашэньне віцебскага гарвыканкаму “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”, самі ствараюць няёмкія сытуацыі.
“Згодна з гэтым рашэньнем, да заяўкі на пікет я мушу прыкласьці дамовы на абслугоўваньне акцыяў, заключаныя зь міліцыяй, паліклінікай і службай ЖКГ. Дамовы падпісваць усе яны адмаўляюцца, і праз гэта заяўнікам забараняюць акцыі. У мяне таксама не атрымалася дамовіцца са згаданымі структурамі. Тады я падаў такія заяўкі, дзе выкананьне патрабаваньняў гарвыканкаму выглядае абсурдным. Па-першае, усе тры мае пікеты разьлічаныя на адну хвіліну. Навошта тады дзяжурства ўрачоў, міліцыі і дворнікаў-прыбіральшчыкаў? Па-другое, пікеты я заплянаваў у адмыслова вызначаных месцах, але ў незвычайны час: адзін а 8-й раніцы, другі ў абед, а трэці – а 21:59 вечара – роўна на адну хвіліну да сканчэньня тэрміну, пакуль законам дазваляецца праводзіць акцыі. Вынік той самы, што і раней: у адказ на тры заяўкі – тры забароны”, - кажа Павал Левінаў.
Праваабаронца адзначае, што з часу прыняцьця ў 2009 годзе таго самага рашэньня віцебскага гарвыканкаму ў горадзе не было дазволена ніводнага масавага мерапрыемства з ініцыятывы прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. На думку Паўла Левінава, у абласным цэнтры ўвесь гэты час парушаюцца правы грамадзян на мірныя сходы і вольнае выказваньне сваіх меркаваньняў.
Павал Левінаў абраў уласную тактыку змаганьня ў гэтай сытуацыі: сваімі заявамі на акцыі ён даводзіць сытуацыю з забаронамі да поўнага абсурду. Ён спадзяецца, што нарэшце прадстаўнікам улады стане няёмка выглядаць у вачох грамадзян нейкімі дзівакамі, забараняючы праваабаронцу схадзіць у краму, бо гэта можна разглядаць як “шэсьце” па Віцебску. Або, напрыклад, забараніўшы сход грамадзян, дзе мелася ісьці гаворка пра здаровы лад жыцьця – такі сход Павал Левінаў быў гатовы правесьці ў лазьні.
Аднахвіліныя пікеты праваабаронца таксама замаўляе не ўпершыню, але гэтаксама стабільна атрымлівае забароны замест дазволаў.