Куляшову інкрымінуецца «наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 371 КК) і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім» (ч. 1 арт. 361 КК). Актывісту пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Мікалай Куляшоў у мінулым мытнік. У 2016 годзе супраць яго была распачатая крымінальная справа за напад на пагранічніка. Падчас знаходжання ў следчым ізалятары Куляшоў абвяшчаў галадоўку.
Яго крымінальны пераслед тады звязваўся з тым, што ён выпадкова аказаўся сведкам дзейнасці кантрабандыстаў, якіх нібыта «крышуюць» пастаўскія пагранічнікі. Куляшоў галадоўкай дамагаўся, каб крымінальную справу супраць яго спынілі і каб пакаралі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў пагранічнікаў ды следчага, які, паводле Куляшова, сфабрыкаваў справу. Чым скончылася тая гісторыя з пераследам Куляшова, не паведамлялася.
Мікалай Куляшоў жыў у Дуброўне. Пасля пратэстаў 2020 года яго пераследавалі, але ўжо за апазіцыйную дзейнасць. Некалькі разоў у доме праводзілі вобшук. Тады Куляшова падазравалі ў тым, што ён наносіў пратэсныя надпісы на розных аб’ектах райцэнтра. Сам актывіст заяўляў, што пераслед звязвае са сваёй актыўнай грамадскай пазіцыяй.
Алег Кунін