У афіцыйных справаздачах міліцэйскае кіраўніцтва падкрэслівае, што найчасцей канфліктныя сітуацыі здараюцца падчас з-за зʼяўлення грамадзян у грамадскіх месцах у стане алкагольнага апʼянення або ўчынення іншых адміністрацыйных правапарушэнняў. Адначасова супрацоўнікі МУС прызнаюць, што такія сітуацыі вельмі неадназначныя з пункту гледжання рэгламентацыі ў дзейным заканадаўстве і службовых дакументах, якімі кіруюцца праваахоўнікі. Але яны цвердзяць, што паводзяць сябе максімальна карэктна – імкнуцца не прымаць сілавыя захады, угаворваюць правапарушальніка, просяць яго супакоіцца, папярэджваючы пра магчымыя наступствы. Між тым затрыманыя, асабліва на «палітычных» падставах, прыгадваюць факты неапраўданай жорсткасці падчас затрымання, а часам нават збіццё, не кажучы пра ненарматыўную лексіку.
Разам з павелічэннем колькасці фактаў супраціву і непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі, апошнія адзначаюць і рост колькасці выпадкаў абразаў на адрас міліцыянтаў. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, сёлета да адміністрацыйнай адказнасці за абразу супрацоўнікаў паводле ч. 1 арт. 24.4 КаАП прыцягнута больш за 400 грамадзян. Аднак вядома, што за згадкі ў каментарах, датычных палітыкі, дзейнасці дзяржаўных органаў ці супрацоўнікаў МУС грамадзян Беларусі караюць адразу паводле Крымінальнага кодэксу (арт.369).
Гэтаксама ў афіцыйных справаздачах міліцэйскае кіраўніцтва цвердзіць, што супрацоўнікамі падраздзяленняў уласнай бяспекі МУС рэгулярна праводзіцца маніторынг інфармацыі, у тым ліку ў Інтэрнэце, якая змяшчае звесткі аб праваахоўніках, з мэтай устанаўлення іх абгрунтаванасці абвінавачванняў у іхны бок. І што пры наяўнасці дастатковых падстаў праводзяцца службовыя разбіральніцтвы і пакаранні службоўцаў. Але ніякіх канкрэтных звестак аб колькасці падобных разбораў і іх выніках грамадскасці не паведамляецца.
Феліцыян Красоўскі