Крысціне Юханесан уручылі ноту МЗС, у якой адзначаецца, што Кузнечыкі знаходзяцца ў вышуку і абвінавачваюцца ва ўчыненні грамадска небяспечных дзеянняў, якія цягнуць адказнасць у адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам.
З улікам «названых недружалюбных крокаў афіцыйнага Стакгольма кіраўніку амбасады Швецыі даведзены прынятыя беларускім бокам меры ў дачыненні да амбасады і яго супрацоўнікаў», паведамляе прэс-служба МЗС.
Жыхары Віцебска Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, бацька і сын, у 2020 годзе ўдзельнічалі ў пратэстах. Ратуючыся ад пагоні сілавікоў, яны праз плот пералезлі на тэрыторыю дыппрадстаўніцтва і паўтара года заставаліся ў амбасадзе. Месяц таму стала вядома, што ім удалося выбрацца з Беларусі і яны цяпер у Латвіі.