Як распавёў Барыс Хамайда, у 11.00 ён заняў сваё звычайнае месца на рагу дому № 28 па вуліцы Леніна («сіні дом»). Недзе праз паўгадзіны падышоў невядомы ў цывільным, патэлефанаваў камусьці – з’явіліся міліцыянты і прапанавалі «праехаць на прафілактычную размову з кіраўніком Чыгуначнага РАУС». Мужчыну трымалі ў пастарунку каля трох гадзін і выпусцілі толькі пасля 15.00.
Хамайда паведаміў, што за гэты час супрацоўнікі МУС перапісалі ўсе беларускамоўныя кнігі, якія Хамайда распаўсюджваў. Сярод кніг былі «Слоўнік беларускай мовы Чэрвеньшчыны», «Жартоўныя беларускія песні», некалькі кніг з серыі «Бібліятэка замежнай прозы», сярод якіх Праспэр Мэрымэ, была і кніга Фрэйда. Забралі і кнігу Геніка Лойкі пра Скарыну.
«Дарэчы, кнігі забіралі ўпершыню за столькі гадоў. Мне адказалі, што пашлюць на экспертызу на прадмет наяўнасці ў іх змесце экстрэмісцкіх матэрыялаў. Абы-што! Забралі ўсе 12 кніг, а трынаццатай запісалі нават не кнігу, а сшытак са спісам кніг, якія можна замовіць. Стужкай перакруцілі, пячатку паставілі і паведамілі, што будуць накіроўваць на экспертызу», – распавёў Барыс Хамайда.
Копію пратакола аб адабранні кніг Хамайду ўдалося атрымаць.
«У мяне ёсць афіцыйны дакумент вынятых кніжак. Беларускае заканадаўства не забараняе распаўсюд беларускай літаратуры, таму знайшлі іншую зачэпку – трэба праверыць на экстрэмізм», – кажа Хамайда.
Нягледзячы ні на што, у панядзелак Барыс Ханонавіч Хамайда мае намер патрапіць на сваю пляцоўку з новай партыяй беларускай літаратуры.
«Я так мяркую: яны мяне, магчыма, пераблыталі, але ж я грамадзянін Беларусі і на беларускай зямлі распаўсюджваю беларускую літаратуру. Мо прынялі мяне за сірыйца ці курда, але гэта не так. Я ў Віцебску нарадзіўся і ў мяне яшчэ ёсць кніжкі!» – кажа Хамайда.
Якаў Дрозд