Як паведамляе аб'яднаная прэс-служба судоў Санкт-Пецярбургу, дзяўчыну ўзялі пад варту 1 лістапада ў Санкт-Пецярбургу па запыце беларускіх праваахоўнікаў. На іхную думку, Яна Пінчук адміністравала тэлеграм-канал «Віцебск 97», у якім «публікавала паведамленні з негатыўнай ацэнкай праваахоўных органаў, заклікі прычыняць шкоду супрацоўнікам міліцыі ды іншыя экстрэмісцкія матэрыялы».
У Расеі дзяўчына жыла цягам 4 гадоў, прычым цалкам легальна, працавала ў Пецярбургу афіцыянткай. Аб тым, што была ў вышуку ў Беларусі і што супраць яе на радзіме завялі крымінальную справу, даведалася толькі 1 лістапада ад супрацоўнікаў расейскай паліцыі.
Узгадаем, што тэлеграм-канал «Віцебск 97» паводле рашэння беларускага суду быў прызнаны «экстрэмісцкім».
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі дзяўчына брала ўдзел у мірных пратэставых акцыях. Пасля выехала ў Расейскую Федэрацыю. У Беларусі за ўдзел у акцыях яе не затрымлівалі і не судзілі.
Пад вартай у Пецярбургу Яна прабудзе да 10 снежня. Яе ўтрымліваюць у мясцовым СІЗА-5.
Віталь Емяльянаў