Пятніца, 13 Сакавік 2026

Пракурор уручыў першыя пашпарты віцебскім падлеткам. Пра што гэта сведчыць?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ні пра што іншае, як пра пашырэнне ўплыву  дзяржаўных і сілавых структур на ўсе сферы жыцця краны. Атрыманне першых пашпартоў у  Беларусі нярэдка прымяркоўваюць да Дня Канстытуцыі, які адзначаецца 15 сакавіка. Але прычым тут пракуратура?

У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 8 мая 2007 г. №220-З задачамі пракуратуры з'яўляюцца забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў.  Што мае права рабіць пракуратура ў межах выканання гэтых задач, дакладна пералічана на сайце Генракуратуры РБ.

І ні пад адзін від дзейнасці не падыходзць тое, што практыкуюць пракуроры ў дачыненні да беларускіх дзяцей і падлеткаў. Так, 12 сакавіка Пракурор Віцебскай вобласці  Андрэй Скурат уручыў віцебскім школьнікам першыя пашпарты і выступіў перад імі з прамовай пра патрыятызм. Адбылася гэтая імпрэза ў Віцебскай абласной пракуратуры, і напрыканцы школьнікам паказалі публіцыстычны фільм «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь», створаны сёлета на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Падобныя імпрэзы адбыліся па ўсёй  краіне ў межах акцыі  «Мы – грамадзяне Беларусі!», ініцыяванай  Генпракуратурай. Праўда не паўсюль падлеткаў вадзілі па ўстановах ведамства: часам пракуроры самі прыходзілі ў школы або іншыя грамадскія месцы.

Візіты пракурораў да малодшага пакалення грамадзян краіны  таксама сталі традыцыйнымі ў апошнія гады. Прычым яны прыходзяць на разнастайныя імпрэзы не толькі ў школы, але нават у дзіцячыя садкі,  беручы на сябе абсалютна не ўласцівыя гэтаму ведамству функцыі.

Жанна Жалейка