Серада, 28 Красавік 2021

Ліцэістку Марыю Амасовіч зноў кінулі за краты

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Марыя Амасовіч Марыя Амасовіч

19-гадовая навучэнка аднаго з віцебскіх ліцэяў Марыя Амасовіч ад 26 красавіка не выходзіла на сувязь. Як стала вядома, дзяўчына была затрыманая за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 24.23 КаАП). Яна знаходзіцца ў віцебскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) на вуліцы Гагарына.

Як паведаміла “Віцебскай вясне” сястра Марыі Амасовіч Святлана, з панядзелка Маша перастала адказваць на тэлефонныя званкі, хаця ў першай палове дня яшчэ прысутнічала ў сацыяльных сетках.

Каб даведацца пра лёс сястры, Святлана звярнулася ў Першамайскі РАУС Віцебску. Адказы былі не зусім уцямныя. Але стала вядома, што Марыю, быццам бы, выклікалі на размову ў аддзяленне міліцыіі - з пастарунку яна ўжо не выйшла. Яе затрымалі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 24.23 КаАП). За што канкрэтна - інфармацыі няма.

Калі адбудзецца суд над Марыяй Амасовіч, таксама невядома.

Ліцэістку Марыю Амасовіч пасля выбараў 2020 году неаднойчы затрымлівалі, судзілі і каралі штрафамі і арыштамі. У снежні 2021 году адна з адміністрацыйных спраў Амасовіч была скасаваная, а суддзя прасіў у яе прабачэння.

С. Горкі