Сваю прамову чыноўнік пачаў з ухвалення Лукашэнкі, ён распавёў пра тое, што Беларусь з’яўляецца краем спакою і стабільнасці, і што абраны дзяржавай курс - правільны.
“Тут камфортна жыць і працаваць, што пацвярджаюць шматлікія факты, калі сінявокая становіцца пастаянным месцам жыхарства для выхадцаў з розных краін”, - прывёў такі аргумент Валерый Драбо.
Пасля чыноўнік пачаў казаць пра так званыя выбары, якія павінны адбыцца ў Беларусі ў лютым.
“Выбарчая кампанія будзе праходзіць у няпростых умовах. Свае правілы нашай дзяржаве спрабуюць навязаць асноўныя гульцы на міжнароднай арэне. Як галоўны аргумент адстойвання ўласных інтарэсаў разглядаюць нарошчванне ваенных сіл. У 2022 годзе ў свеце было зафіксавана 216 войнаў і канфліктаў. Самае страшнае, што ў многіх выпадках бакі нават не дапускаюць думкі аб мірных перамовах”, - сказаў Драбо. Праўда, ён не паведаміў прысутным, што менавіта з тэрыторыі Беларусі і пачалася вайна ва Украіне.
Пасля ён нагадаў пра санкцыі, якія высунулі шэраг краінаў супраць Беларусі, але паводле яго, гэтыя краіны быццам у першую чаргу наносяць шкоду самім сабе.
Чыноўнік таксама згадаў і рэферэндум 2022 года па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю і пра быццам павышэнне статусу так званага Усебеларускага народнага сходу як вышэйшага органа народаўладдзя.
“Моцны прэзідэнт, уплывовы парламент, ініцыятыўны ўрад пры злучанай ролі ВНС”, - такую формулу далейшага быццам прававога забеспячэння функцыянавання сістэмы дзяржаўнага кіравання назваў старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Паводле яго, важная задача дзяржавы - забеспячэнне электаральнага суверэнітэту, каб без ціску звонку вырашаць лёс сваёй краіны.
А далей Валерый Драбо распавёў прысутным пра парадак галасавання. У сельскай мясцовасці выбаршчыкі атрымаюць чатыры бюлетэні - з кандыдатамі ў сельскі, раённы і абласны Саветы дэпутатаў і парламент, у горадзе - тры: у раённы, абласны Савет і парламент. Прагаласаваць можна будзе толькі па месцы рэгістрацыі.
Пасля гэтага начальнік РАУС Уладзімір Бондараў пачаў застрашваць прысутных адміністрацыйнай адказнасцю за падпіску на так званыя экстрэмісцкія каналы.
Увогуле абстаноўку ў Мёрскім раёне ён апісаў як стабільную. Бо, паводле яго, праваахоўнікі змагаюцца з алкагалізацыяй насельніцтва, так як спіртное спадарожнік 50% злачынстваў у раёне. Таксама ён зазначыў, што міліцыянты вядуць тлумачальную працу ў частцы махлярства ў сетцы інтэрнэт.
Вікторыя Голуб