Серада, 14 Люты 2024

Моўная дыскрымінацыя. На Віцебшчыне няма дэпутацкіх праграм напісаных на беларускай мове!

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

На 60 дэпутацкіх месцаў Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў балатуецца 115 кандыдатаў, г.зн. каэфіцыент канкурэнтнасці 1,9 чалавека на мандат. Неабходна адзначыць, што ў 10 акругах балатуецца толькі адзін кандыдат, у 45 - па два і ў 5 - па тры кандыдаты. Усе зарэгістраваныя прэтэндэнты на сайце Вітаблвыканкаму апублікавалі свае перадвыбарчыя праграмы. Прычым усе праграмы напісаны на рускай мове.

Практычна ўсе кандыдацкія праграмы носяць агульны характар  ​і вырабленыя па прынцыпу: "Я за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага". Да таго ж многія праграмы ў якіх будучыя дэпутаты замахваюцца на вырашэнне глабальных праблем маючы пры гэтым толькі мандат "абласнога маштабу".

У праграме кандыдат у дэпутаты па Гагарынскай выбарчай акрузе № 12 Вольгі Волкавай запісана аб тым, што яна будзе садзейнічаць "развіццю міжнародных сувязяў з педагагічнай супольнасцю РФ і Узбекістана."

«У выпадку аказання мне даверу і падтрымкі я буду адстойваць і дамагацца: захавання і ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту Беларусі» - абяцае кандыдат у дэпутаты па Бешанковіцкай выбарчай акрузе № 26 кіраўнік справамі Вітаблвыканкама Ігар Кузняцоў.

Сябра ЛДПБ Юрый Бондараў (Чыгуначная выбарчая акруга N°43) абяцае жыхарам Оршы «…цвёрда адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, абараняць яе Канстытуцыянальны лад, Суверэнітэт і Незалежнасць! Працаваць на карысць айчыны і на карысць нашых людзей!».

Генеральны дырэктар прадпрыемства «Віцебскаблгаз» Аляксандр Бранцэвіч, які хоча стаць дэпутатам па Браслаўскай выбарчай акрузе № 53, запэўнівае выбаршчыка ў тым, што толькі ён сумесна з Кіраўніком дзяржавы прыносяць добрае беларусам: «Падтрымліваю курс Прэзідэнта краіны, лічу яго верным, накіраваным на рост дабрабыту беларускага. народа. Упэўнены, што наша будучыня - у нашых руках.»

І практычна усе кандыдаты пераконваюць сваіх выбаршчыкаў у тым, што яны будуць садзейнічаць паляпшэнню: медыцынскага абслугоўвання, адукацыі, стан гарадской і сельскай інфраструктуры і абяцаюць іншыя "смачныя плюшкі" для выбаршчыкаў. Пры гэтым як кандыдаты так і выбаршчыкі-беларусы ведаюць, што ў дэпутатаў няма ні грошай, ні матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў і ні палітычных інструментаў, каб выконваць свае абяцанні. Акрамя таго ў "народных абраннікаў" ніколі не было і не будзе палітычнай волі і рэальных законных інструментаў, каб прымусіць чыноўнікаў выконваць іхныя перадвыбарныя абяцанні.

Паліна Хлебнікава