Панядзелак, 23 Верасень 2019

Губарэвіч: Толькі масавы пратэст змусіць улады адмовіцца ад “паглыбленай інтэграцыі”

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Юрась Губарэвіч на сходзе Руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч на сходзе Руху "За свабоду"

Рух “За свабоду” правёў 22 верасьня ў Віцебску абласны сход. Удзельнікі абмеркавалі бягучую палітычную сытуацыю напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, абралі дэлегатаў на менскі зьезд.

На пачатку сходу лідэр Руху Юрась Губарэвіч расказаў пра ўдзел грамадзкай арганізацыі ў фармаваньні выбарчых камісій. Палітычная структура змагла вылучыць сваіх прадстаўнікоў ва ўсе 117 камісій (110 акруговых, абласныя і менская гарадзкая).

Па словах палітыка, такую колькасьць сябраў змаглі вылучыць хіба што “Белая Русь” ды БРСМ. Але ў той час калі ад “Белай Русі” ў выбаркамы патрапілі 115 чалавек, то ад Руху “За свабоду” – толькі чатыры. Такім чынам, на думку Губарэвіча, пра нейкія “роўныя ўмовы” пры фармаваньні камісій казаць не выпадае.

Дарэчы, два сябры арганізацыі былі ўключаныя ў склад акруговых камісій у Віцебскай вобласьці. У прыватнасьці, у камісію Докшыцкай выбарчай акругі № 22 уключаны Аляксей Гаўруцікаў, Пастаўскай выбарчай акругі № 29 – Сяргей Хвасьцёнак.

 

Экспэрт: Грамадзкія абʼяднаньні маюць права вылучаць сваіх кандыдатаў

Абмеркавалі на сходзе і ініцыятыву вылучыць сваіх кандыдатаў на зьезьдзе, як гэта звычайна робяць зарэгістраваныя палітычныя партыі. Наколькі гэта правамерна, распавёў кандыдат юрыдычных навук, дацэнт ВДУ імя Машэрава Анатоль Пятроў, які быў адмыслова запрошаны на сход у якасьці экспэрта.

Анатоль Пятроў паведаміў, што, паводле дзейнай Канстытуцыі РБ, грамадзкія абʼяднаньні маюць права вылучаць сваіх кандыдатаў.

Экспэрт спаслаўся на арт. 69 Канстытуцыі, у якім гаворыцца, што “права вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадзкім абʼяднаньням, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасьці з законам”. А таксама – на арт. 5, згодна зь якім “палітычныя партыі, іншыя грамадзкія абʼяднаньні, дзейнічаючы ў рамках Канстытуцыі і законаў РБ, садзейнічаюць выяўленьню і выказваньню палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах”.

Аднак у Выбарчым кодэксе пра права вылучаць грамадзкімі абʼяднаньнямі сваіх кандыдатаў нічога не гаворыцца. Артыкулы 62, 63 і 65 апісваюць працэдуры вылучэньня палітычнымі партыямі, працоўнымі калектывамі і грамадзянамі шляхам збору подпісаў. І тут выбарчае заканадаўства пачынае супярэчыць Канстытуцыі, заўважае Анатоль Пятроў.

Але, паводле экспэрта, прыярытэт у такім выпадку мае Канстытуцыя. Бо ў арт.137 ясна гаворыцца: “Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. У выпадку разыходжаньня закона, дэкрэта або ўказу з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя”.

Калі акруговыя камісіі будуць адмаўляць у рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты вылучаных арганізацыяй сябраў, Анатоль Пятроў раіць абскарджваць адмовы ў судовым парадку. Такім чынам можа быць створаны прэцэдэнт.

 

“Трэба быць гатовымі выйсьці на вуліцы”

Закранулі на абласным сходзе Руху “За свабоду” і тэму магчымай інтэграцыі з Расеяй.

На думку Юрася Губарэвіча, калі будуць падпісаныя дакумэнты і ўлады агучаць канкрэтныя крокі, грамадзкасьць ускалыхнецца, людзі могуць выйсьці на маштабную пратэстую акцыю. Менавіта масавы вулічны пратэст зможа напалохаць гэтую ўладу і прымусіць адмовіцца ад паглыбленай інтэграцыі з усходняй суседкай.

“Трэба быць гатовымі хутка мабілізавацца і выйсьці на вуліцы, калі будуць падпісвацца інтэграцыйныя дакумэнты”, – заявіў лідэр Руху “За Свабоду”.

У заключнай частцы сходу прысутныя абралі 5 дэлегатаў на агульнарэспубліканскі зьезд, які пройдзе ў Менску 28 верасьня. На зьезьдзе ж і плянуецца вылучыць кандыдатаў у дэпутаты з усёй Беларусі.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.