Так, адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну Віцебску была створаная нейкая працоўная група, што не прадугледжана выбарчым законам. Група старанна вывучала дасье ўсіх кандыдатаў у сябры ўчастковых камісіяў. Паводле слоў кіраўніцтва раённай адміністрацыі, чальцы працоўнай групы выкарысталі некалькі крытэраў для адбору кандыдатаў у склад УВК. Асноўнымі з гэтых крытэраў былі досьвед працы кандыдатаў у сябры камісіяў у нізавых камісіях і ўдзел у сацыяльна-грамадзкіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ўладамі ў пэрыяд паміж выбарчымі кампаніямі. Якраз гэтым крытэрам адпавядалі сябры дзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў і аб'яднаньняў, якія і ўвайшлі ў склады УВК. Астатнія сябры УВК былі вылучаныя грамадзянамі або працоўнымі калектывамі.
Аднак калі старанна прааналізаваць склады камісіяў, то відавочна, што камісіі – незалежна ад таго, якім спосабам іх чальцы туды былі вылучаныя – сфармаваны па вытворчым прынцыпе. Усе ці, прынамсі, большасьць чальцоў УВК – гэта, як правіла, работнікі аднаго і таго ж працоўнага калектыву. І калектыў гэты найчасьцей працуе на дзяржаўным прадпрыемстве. Чыноўнікам такія камісіі зручна кантраляваць і празь іх лёгка кіраваць вынікамі галасаваньня, бо кіраўніцтва і сябры камісіяў наўпрост залежаць ад органаў выканаўчай улады.
Тое, што тактыка адміністрацыяў раёнаў па фармаваньні УВК была прадуманая да драбніц і не дала збою, узорна паказала галасаваньне кіруючых членаў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну. Яны аднагалосна прагаласавалі «супраць» 16-ці апазыцыянэраў, якія хацелі рэалізаваць сваё законнае права ўдзельнічаць у палітычнай кампаніі.
У сувязі з гэтым паўстае цікавае пытаньне. Няўжо сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі, партыі БНФ і партыі левых «Справядлівы сьвет» у колькасьці 16 чалавек змаглі б дэстабілізаваць працу УВК раёну, куды ў агульнай складанасьці ўвайшлі 839 чалавек? Або, можа быць, сваім удзелам у камісіях апазыцыянэры зрабілі б немагчымым фальшаваньне вынікаў галасаваньня на сваіх участках?