Панядзелак, 01 Люты 2021

Ксяндза Вячаслава Барка зноў выклікалі ў СК. Прызначылі 11 экспертыз відэаблогу

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Вячаслаў Барок Вячаслаў Барок

29 студзеня пробашча расонскага касцёла ксяндза Вячаслава Барка зноўку выклікалі ў следчы камітэт. Следчыя прызначылі яшчэ 11 экспертыз відэаблога, які вядзе святар. Пад увагу СК трапілі 8 відэаролікаў, перадае Беларускае Радыё Рацыя.

Ужо трэці месяц доўжыцца праверка зместу выказванняў Вячаслава Барка ў відэаблогу на YouTube, які мае каля 5 тысяч падпісчыкаў. Следчыя высвятляюць, ці няма ў выказваннях святара заклікаў да экстрэмізму і распальвання міжнацыянальнай варажнечы. Дзве праведзеныя лінгвістычныя экспертызы паказалі, што няма. Але наперадзе – наступныя.

«Лінгвістычныя экспертызы дзве атрымалі, з імі пазнаёмілі. Там напісана, што заклікаў да экстрэмізму няма, і няма падставаў распачынаць крымінальную справу. Будуць яшчэ псіхалагічныя экспертызы: псіхолагі будуць вывучаць, да каго прамовы скіраваныя і ці няма ў іх заклікаў да нейкіх груп у грамадстве, каб распальваць варожасць», – патлумачыў каталіцкі святар.

Ксёндз Вячаслаў Барок кажа, што следчыя прызначылі яшчэ 11 экспертыз і што пад увагу следчага камітэту трапілі 8 відэаролікаў ягонага блога.

Барок катэгарычна адмаўляе намеры дэструктыўнага ўплыву на грамадства. Цвердзіць, што вядзе свой відэаблог дзеля папулярызацыі Божага слова і дзеля хрысціянскага і патрыятычнага выхавання сваіх землякоў.

Ксёндз Вячаслаў кажа, што тыя ж мэты ён пераследаваў, размяшчаючы ў сацыяльных сетках твор Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм». Аднак у снежні мінулага году ён быў асуджаны паводле адміністрацыйнага артыкула 17.10 («Прапаганда або публічная дэманстраванне і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі»). 10 сутак ксёндз правёў пад арыштам у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання.