Нагадаем, суддзя Рада Дамініч пакарала ксяндза Вячаслава Барка за размяшчэнне ў сацыяльных сетках плаката Уладзіміра Цэслера «Стоп Лукашызм». Такім чынам, суддзя падтрымала меркаванне следчых, што гэта не перапост мастацкага твора, а публікаванне выявы свастыкі.
Пасля суду абвясцілі, што пакаранне Вячаслаў Барок мае адбыць у наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Аднак неўзабаве высветлілася, што яго перавезлі ў віцебскі следчы ізалятар.
«На наступны ж дзень наваполацкія актывісты і каталікі панеслі перадачу. Але ім сказалі, што такога няма. І не адразу, але прызналіся, што яго павезлі на Віцебск. Мы на наступны ж дзень зладзілі перадачу. І сёння мы зноўку аднеслі перадачу, і разам з намі перадачу перадаваў біскуп Алег Буткевіч», – расказала актывістка Таццяна Севярынец
На наступны дзень пасля суду над ксяндзом Вячаславам Барком біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выступіў з адмысловым зваротам да ўсіх вернікаў і людзей добрай волі, засведчыўшы, што ён не згодны з выракам расонскага суду.
«У сувязі з гэтым выказваю сваё засмучэнне і лічу, што гэтая справа павінна быць перагледжана з улікам меркавання незалежных экспертаў, а таксама дадзеных кс. Вячаславам тлумачэнняў, з якіх вынікае адсутнасць у яго намеру прапаганды нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі, у чым яго беспадстаўна абвінавачваюць, вынікам чаго павінна стаць зняцце абвінавачванняў і неадкладнае вызваленне святара», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні біскупа.
Касацыйная скарга на прысуд ксяндзу Вячаславу Барку падрыхтаваная і пададзеная ягонай адвакаткай.