Каталіцкі святар з гарадскога пасёлку Расоны Вячаслаў Барок у жніўні апублікаваў у сацыяльных сетках плакат мастака Уладзіміра Цэслера. 1 снежня ў мясцовым РАУС Барок даведаўся, што яго абвінавачваюць у прапагандзе нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі (артыкул 17.10 КаАП). У той жа дзень пачаўся суд, але ў працэсе абвясцілі перапынак.
3 снежня суд Расонскага раёну пастанавіў пакараць святара 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Уладзімір Цэслер у сацсетках размясціў зварот у абарону Вячаслава Барка:
«Той факт, што публікацыя маёй антыфашысцкай работы на старонцы святара Вячаслава Барка ў сетцы Інтэрнэт расцэненая як дэманстрацыя нацысцкай сімволікі, выклікае здзіўленне, супярэчыць маёй мастацкай задуме падчас працы над творам. Для кожнага, у каго ёсць вочы, розум і сэрца, відавочная антыфашысцкая пазіцыя касцёлу», – напісаў Цэслер.
Сам Вячаслаў Барок заяўляў, што адміністрацыйны працэс у дачыненні да яго палітызаваны.
«Старэйшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Гаўрылаў, кіруючыся, як ён сам сказаў, асабістым меркаваннем, 25 лістапада заўважыў у маіх сацыяльных сетках пост, размешчаны ў жніўні. Ён лічыць, што я размясціў свастыку – нацысцкі сімвал. Я патлумачыў, што я размясціў мастацкі твор славутага мастака Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм», а не нямецкую свастыку. Я супраць фашызму, камунізму, любога таталітарнага рэжыму. Гэты плакат я размясціў, выказваючы свой пратэст супраць гвалту ў краіне», – распавёў Вячаслаў Барок.
Ксёндз вядзе свой канал на YouTube. Ён разважае ў казаннях у тым ліку і пра палітыку.
На выпадак свайго арышту ксёндз запісаў зварот да вернікаў.