Адкрываючы вечарыну, кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі рымска-каталіцкага касьцёлу Беларусі зазначыў, што такія сустрэчы даюць магчымасьць кожнаму чалавеку, незалежна ад яго веравызнаньня, глыбей усьвядоміць сутнасьць гэтага вялікага сьвята – Божага Нараджэньня.
“Гэта магчымасьць, каб мы паспрабавалі сёньня ў нашым з вамі жыцьці, штораз усё больш забеганым і запрацаваным, глыбей паглядзець на тую вялікую таямніцу, якую прапануе нам Бог. Побач з гэтым прыгожым навагоднім сьветам – убачыць яшчэ і тую вялікую духоўную цеплыню, вялікую глыбокую Божую любоў, якую ён прапануе нам у сваім Сыне”, – сказаў біскуп Віцебскі.
Калядныя песьні на вечарыне выканалі хор узорнай вакальнай студыі “Асоль” і хор парафіі Сьвятой Барбары “Гасанна”.
Выступае хор "Гасанна"
Чыталі вершы паэтка Людміла Сіманёнак, вернік парафіі Езуса Міласэрнага Уладзіслаў Каржанеўскі, верніца грэка-каталіцкай парафіі Ўваскрасеньня Хрыстовага Натальля Плешчанка ды іншыя. А самым юным артыстам быў 6-гадовы Сьцяпан Серабро.
Сёлета перадкалядная імпрэза ў абласной бібліятэцы прыпала на ўрачыстасьць Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Таму біскуп Віцебскі выбраў для выкананьня песьню, прысьвечаную Маці Божай – “Ты за сабою нас вядзі!”.
Напрыканцы сустрэчы біскуп Алег Буткевіч прэзэнтаваў новы каляндар на 2019 год, прысьвечаны 20-годзьдзю Віцебскай дыяцэзіі (была ўтвораная 13 кастрычніка 1999 году). На задняй старонцы вокладкі разьмешанае гістарычнае фота касьцёлу Сьвятога Антонія ў Віцебску, надзею на аднаўленьне якога каталікі, паводле біскупа, не губляюць. Каляндар у якасьці падарунку атрымалі ўсе ўдзельнікі вечарыны.
Арганізатарам вечарыны “Ціхая ноч, Сьвятая ноч” былі Віцебская абласная бібліятэка і Віцебская дыяцэзія рымска-каталіцкага касьцёлу Беларусі. У якасьці вядоўцы выступіў вядомы беларускі пісьменьнік і наш зямляк Франц Сіўко.
Падчас імпрэзы
Выступае Сьцяпан Серабро
Верш чытае Уладзіслаў Каржанеўскі
Зьміцер Міраш, фота аўтара