Высьветлілася, што за лета спадар Хамайда паўдзельнічаў ажно ў пяці пілігрымках. Як парафіянін грэка-каталіцкай грамады, ён прайшоў пешкі па Беларусі агулам больш за 550 кілямэтраў.
Барыс Ханонавіч, спадзяюся, нашым чытачам будзе цікава больш падрабязна даведацца пра пілігрымкі.
Першая пілігрымка, Росіца – Будслаў, была напрыканцы чэрвеня. Плянуючы свой удзел, крыху вагаўся: яна васьмідзённая, трэба прайсьці 218 кілямэтраў. Але вырашыў: трэба ісьці. Да Росіцы даехалі цягніком, а ўжо з Росіцы ішлі пешкі. У першы дзень надвор'е было кепскае, халодна, да самага Верхнядзьвінску ліў дождж. Змоклі ўсе, але было цікава пераадольваць сябе і цяжкасьці, якія стварала надвор'е.
Калі дайшлі да Верхнядзьвінску, першае жаданьне было трапіць у лазьню. І, дзякуй Богу, нас узяў да сябе гаспадар, які яе меў. Я кажу: вы мяне не карміце, але затапіце лазьню. Залез на палок, адагрэўся – гэта было шчасьце.
Зь Верхнядзьвінску ішлі да Мёраў. Мёры спадабаліся: старажытны касьцёл на беразе возера, надзвычай прыгожы будынак.
Зь Мёраў накіраваліся ў Германавічы. Там адбыўся цікавы выпадак. Ля касьцёлу да мяне зьвярнулася жанчына:
– Вас яшчэ ніхто не запрашаў на начлег?
Пілігрымаў было небагата, а тых, хто жадаў запрасіць да сябе ў хату, – значна больш. І кожны імкнуўся ўзяць хаця б аднаго пілігрыма, бо сьвятар сказаў, што гэта тое самае, як запрасіць да сябе Ісуса Хрыста.
Увечары жанчына патлумачыла, чаму з усіх выбрала менавіта мяне:
– Я калі Вас убачыла, дык заплакала. Думаю: гэтага чалавека вазьму абавязкова.
А справа, відаць, у тым, што ў мяне была доўгая барада, выглядаў я стомленым, і яна вырашыла, што мне гадоў дзевяноста. Дый на яе пытаньне адрэагаваў я досыць своеасабліва:
– А каму я патрэбны?!
З Германавічаў пайшлі ў Задарожжа, з Задарожжа – у Падсьвільле, з Падсьвільля – да Крулеўшчыны. Потым Параф'янава. І з Параф'янава мы прыйшлі ў Будслаў.
У апошні дзень, як і ў першы, было вельмі халодна, ізноў цэлы дзень ліў дождж. Намёты ставілі пры неспрыяльным надвор'і, але і яны не ратавалі ад холаду. І тым ня менш панавала неймавернае адчуваньне шчасьця. Было шмат людзей, сярод якіх багата моладзі.
Другая пілігрымка – наша, грэка-каталіцкая – зь Віцебску да Полацку. Пяцідзённая. Гэтым шляхам хаджу ня першы год. Па дваццаць кілямэтраў у дзень: Заронава, Шуміліна, Обаль, Гараны, Полацак.
У Полацку нас пусьцілі ў сьвятую Сафію, сьвятар адслужыў службу, што для мене гэта было надзвычайнай падзеяй. У Сафію я трапіў упершыню. Найпрыгажэйшы беларускі храм!
Трэцяя пілігрымка: Полацак – Росіца. Па гэтым маршруце ішоў у трэці раз. Працягласьць – кілямэтраў сто пяць. Першы этап да Дзісны цяжкі – сорак пяць кілямэтраў. Два наступныя – ужо па дваццаць зь нечым. У Росіцы для мяне сталася незабыўнай начная дарога са сьвечкамі да помніку ў памяць па спаленых фашыстамі беларусах. Загінула больш як паўтары тысячы чалавек разам з двума каталіцкімі сьвятарамі-пакутнікамі Юрыем Кашырам і Антоніем Ляшчэвічам. Немцы іх адпускалі, але тыя пайшлі на сьмерць разам са сваімі братамі.
Чацьвёртую пілігрымку, Глыбокае – Браслаў, я прайшоў упершыню. Пілігрымка спадабалася. Там вельмі прасунуты сьвятар – ксёндз Мікалай, вельмі камунікабэльны. Напачатку нас было чалавек шэсьцьдзесят, а напрыканцы ўжо чалавек сто. Ішлі тры дні. У браслаўскім касьцёле была служба. На сьвяточныя мерапрыемствы прыехаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Пятая пілігрымка была непрацяглая: Івацэвічы – Лагішын. Вярнуўся зь яе 22 жніўня. Заходзілі ў вёску Бабровічы, дзе падчас вайны быў замардаваны ўніяцкі сьвятар, парах мясцовай парафіі Баляслаў Пачопка.
Нас вельмі добра сустрэлі ў Лагішыне. У мястэчку сабралася надта багата вернікаў-каталікоў. І кожны намагаўся запрасіць да сябе пілігрыма. У вёсцы вельмі прыгожыя праваслаўны храм і каталіцкі касьцёл. Палешукі ў параўнаньні з усходнімі беларусамі досыць упартыя людзі. Яны не згінаюцца перад абставінамі. Мы начавалі ў гаспадара, які ведае, дзе была прыватная зямля ягоных продкаў, якую адабралі саветы. Ён з гонарам нам яе паказваў.
За лета Вы прайшлі больш за паўтысячы кілямэтраў. Дзеля чаго ўсё гэта? Што асабіста Вам даюць такія падарожжы?
Асабіста для мяне пілігрымкі – неацэнны скарб. Найперш, гэта новыя знаёмствы. Хадзіць у пілігрымкі я пачаў у 2013 годзе. Зь іх тры пілігрымкі, зь Віцебску да Будслава, я езьдзіў на ровары. А ў пешых пілігрымках на працягу вось гэтых пяці гадоў са мной заўсёды мой кій. Я падлічыў, ён вытрымаў 12 пілігрымак. Ён ужо сьцёрся, стаў караткаватым. Дык вось мае знаёмыя з нашай парафіі абяцалі мне зрабіць новы. І канцавік зробяць мэталёвы, каб не сьціраўся. Ёсьць стымул ісьці ў новыя пілігрымкі. У наступным годзе, калі ўсё будзе добра, калі здолею фізычна, то пайду, бо цягне мяне туды. Бо там ты ў атмасфэры любові. Мы молімся, увесь час ідуць размовы.
Я так падлічыў, што за пяць пілігрымак я прайшоў больш за 550 кілямэтраў. Вядома, суставы балелі, але не зьвяртаеш на гэта ўвагі, таму што было цікава. Ішлі зь любоўю да Госпада і да людзей. Адно аднаму дапамагалі. Там сапраўды была атмасфэра любові і сяброўства. Калі нехта адстае, калі некаму цяжка, кожны намагаецца дапамагчы, нешта паднесьці. Я ўжо чалавек не маладога веку. Сяду на траву – падаецца, каб мне падняцца, трэба пад'ёмны кран. А там ежу раздаюць – таму падаю сваю місачку і прашу некага з малых дапамагчы.
Я ўжо сказаў, што ў пілігрымкі хаджу са сваім кіем. Малыя хлопцы, бачачы, пераймаюцца, бяруць нейкія нязручныя ламакі. Дык я сьцізорыкам даводжу іхныя кіі да ладу. І да канца пілігрымкі яны ідуць поруч са мной. Не адстаюць, сьпяваюць разам з усімі песьні. На падыходзе да Браслава ўдзельнікі пілігрымкі засьпявалі. Я кажу: «Хлопцы, не падвядзіце старога». Дык у іх, ты ведаеш, нават голас асіп ад напругі. Я гляджу, пакаленьне расьце неблагое, гэта ж ужо чвэрць стагодзьдзя нашай незалежнасьці.
У сувязі з гэтым, мо выкажаце сваё меркаваньне пра маладое пакаленьне беларусаў?
У значнай сваёй масе ў нашых пілігрымках ішла моладзь, школьнікі. І гэта радуе. Такіх, як я, – адзінкі. Распавяду пра хлопчыка Данііла, шасьціклясьніка. У яго вельмі цяжкі лёс. Ён мяне апякаў, а я яго. Прыгадваю, у Браславе адбыўся кранальны выпадак. Ад касьцёлу да школы, дзе мы начавалі, кілямэтры два. Дык вось увечары, ужо цямнела, ён пачаў за мяне хвалявацца. Я на той час быў у касьцёле. Маўляў, ці знойдзе гэты стары ўначы дарогу да школы? Яму адказалі, што знойдзе, бо дарослы. Не паверыў! Прыйшоў да касьцёлу, знайшоў мяне. Чую: нехта штурхае ў бок, падымаю голаў – Данілка. І толькі пасьля таго, як я яго супакоіў, што знайду дарогу, ён пакінуў мяне. Дык вось гэты факт для мяне – твар сучаснага беларускага пакаленьня! І што б там нашыя ворагі не меркавалі – гэтае пакаленьне ніхто на калені не паставіць! Ніводнага шансу ні ў якога ворагу няма!
На разьвітаньне кажу яму: «Трымайся касьцёлу, а ў наступным годзе прыходзь у пілігрымку, калі атрымаецца, і я прыеду». Мяркую зрабіць і прывесьці хлопцам два добрыя кіі.
Барыс Ханонавіч, а ці нейкім чынам палітыка сустракае Вас у гэтых пілігрымках?
Пра палітыку ў пілігрымках стараемся не размаўляць, там іншая атмасфэра. Але ж людзі ведаюць, хто я такі. А хто ня ведае, дык даведваецца пасьля.
С. Горкі