Гісторыя з балонікамі адбылася ў студзені 2021 года. На судзе Чамурака заявіў, што балонікі вічелі даўно і нікому раней не заміналі. Сведкам падчас працэсу выступіў супрацоўнік міліцыі Сяргей Калінін, які пацвердзіў факт вывешвання балонікаў 15 студзеня, хаця актывіст сцвярджаў, што ў час, указаны ў пратаколе, яго нават не было дома. Суддзя Марыя Цыкланская прыняла на веру нічым не пацверджаныя словы міліцыянта і пакарала Міхаіла Чамураку арыштам на 7 сутак.
Гэты выпадак быў не адзіным, калі актывіста каралі «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». У яго дома і ў доме ягонай маці сілавікі правялі некалькі ператрусаў.
У 2021 годзе актывіст з Дуброўна быў асуджаны па крымінальнай справе аб паклёпе (арт. 188 Крымінальнага кодэкса).Пацярпелымі падчас суду выступалі дырэктарка аршанскай школы №3 Алла Сіняўская , якая ў жніўні 2020 году кіравала выбарчай камісіяй, а таксама інспектар ДАІ Казакоў. Падчас прэзідэнцкіх выбараў на адным з выбарчых участкаў у СШ №3 назіральнікі зафіксавалі заўважнае разыходжанне паміж колькасцю выбарцаў на ўчастку і колькасцю тых, хто прагаласаваў паводле выніковага пратаколу. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў інтэрнэце. Старшыня камісіі напісала заяву на Міхаіла Чамураку, бо палічыла, што інфармацыю распаўсюдзіў менавіта ён, і што яна «ілжывая». Заяву на Чамураку падаў і супрацоўнік аршанскага ДАІ, які палічыў паклёпам звесткі пра тое, што ён браў удзел у затрыманнях людзей. Міліцыянт запатрабаваў 2000 рублёў кампенсацыі за прычыненую яму маральную шкоду.
Тая ж суддзя Дубровенскага райсуду Марыя Цыклінская ў поўным аб’ёме задаволіла хадайніцтва пракурора і 7 ліпеня 2021 года прысудзіла Чамураку тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама, паводле рашэння суду, ён мусіў сплаціць па 1 тысячы рублёў Сіняўскай і Казакову за «нанесеную маральную шкоду».
10 кастрычніка 2021 года Міхаіл Чамурака пачаў адбываць пакаранне. 23 лістапада 2021 года праваабаронцам стала вядома, што на яго заведзена новая крымінальная справа — паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне варожасці).
Неўзабаве пасля гэтага Міхаілу ўдалося ўцячы з ваўкавыскай папраўчай установы № 29, і пакінуць Беларусь. Сёлета ў лютым яго абвясцілі ў міжнародны вышук на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.
Ян Ластаўка