Чацвер, 29 Май 2025

Тэлеканал АНТ выпусціў праграму прапагандыста Ігара Тура, дзе паказаны допыт рэдактара "Вольнага Глыбокага" Уладзіміра Скрабатуна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У праграме прагучалі абсурдныя абвінавачванні і беспадстаўныя абагульненні. Маўляў, рэдактар атрымліваў нямецкія грошы за прапагандаванне жыцця ў ФРГ ў недзяржаўнай газеце “Вольнае Глыбокае”. А нямецкія “спонсары”такім чынам спрыялі існаванню “экстрэмісцкага” выдання. Але ўсё ў гэтай гісторыі, як кажуць,  “нацягванне савы на глобус”.  

Пачнем з таго, што  газета "Вольнае Глыбокае" выходзіла на паперы з 1994 года да канца 2020 года. Падчас допыту Уладзімір Скрабатун распавядае пра падзеі  прыкладна 10-гадовай даўніны, калі атрымаў прапанову ад амбасады ФРГ. Яна палягала ў тым, каб у рэгіянальным выданні распавядалася пра культурніцкае і сацыяльнае жыццё гэтай краіны. Аплата  ішла як за рэкламныя матэрыялы, сродкі рэдакцыя атрымлівала ў беларускіх рублях і спраўна плаціла з гэтага падаткі. Нават тэрміну “экстрэмісцкія выданні” ў 2015-16 гадах не існавала.

Яшчэ раз падкрэслім: газета “Вольнае Глыбокае” ў студзені 2020 года  перастала друкавацца з эканамічных прычынаў. Выданне існавала як сайт, пакуль яго не  прызналі “экстрэмісцкім” і не заблакавалі на тэрыторыі Беларусі. Паводле Уладзіміра Скрабатуна, як толькі гэта здарылася, ен паведаміў пра змены нямецкаму боку. Пра гэта ен кажа падчас допыта 3 красавіка гэтага года. Але на супрацоўніцтва гэта не паўплывала - партнеры на той час ужо пераканаліся, што нават сацсеткі “Вольнага Глыбокага” - гэта аўтарытэтныя ў рэгіёне антэрнэт-рэсурсы.

Асобна варта зазначыць, што рэкламныя матэрыялы замаўляла не нейкая “шарашкіна кантора”, а афіцыйны орган - амбасада ФРГ у Беларусі. І рабіла гэта празрыста - праз адпаведныя дамовы. Сыходзячы з дакумента, прадэманстраванага ў прапагандысцкай праграме АНТ, на працягу 6 месяцаў у канцы 2022 - пачатку 2023 года  было створана  20  матэрыялаў пра жыццё ў ФРГ.

А што, уласна, можа быць незаконнага ў размяшчэнні матэрыялаў на замову? Хіба дзяржаўныя СМІ не друкуюць рэкламныя матэрыялы? У тым ліку пра жыццё ў суседняй краіне - Расійскай Федэрацыі.  Не так даўно мы згадвалі   адзін з прыкладаў - відавочна рэкламны артыкул у Браслаўскай раённый газеце пад назвай “Браславчан приглашают на весенний фестиваль в Москву”, дзе прапаноўвалі  “узнать культуру и историю России чуть лучше”. Гэта практычна тое самае, што рабіла рэдакцыя “Вольнага Глыбокага” - прапаноўвала больш даведацца пра жыццё ў ФРГ.

Некаторыя выданні дык і ўвогуле “жывуць з рэкламы”, і ў гэтым няма нічога заганнага. Але прапагандыст Ігар Тур на дзяржаўным тэлебачанні выстаўляе 70-гадовага Уладзіміра Скрабатуна, рэдактара навядомейшага інфармацыйнага рэсурса ў рэгіёне і вядомага краязнаўцу ледзве не дзяржаўным злачынцам.

Валянціна Пярова