Карэспандэнта дзяржСМІ накіравалі да начальніка чыгуначнага вакзала Кірыла Машарскага, каб той афіцыйна патлумачыў, што падобных захадаў не планавалася. І яшчэ праз дзень «Аршанка» надрукавала цэлы артыкул пра тое, які ганебны фэйк стварылі аўтары «літоўскага офісу», узняўшы «напружанасць у грамадстве».
Пад «напружанасцю», пэўна, мелася на ўвазе хваля каментароў пад першакрасавіцкім жартам. Людзі пісалі, прыкладам, што іх ніколькі не дзівіць памкненне чыгункі на роўным месцы заробіць грошай на пасажырах. А нехта прыгадаў і нядаўнюю гісторыю пра аршанца Яраслава Казакевіча, які зняў на відэа расейскую вайсковую тэхніку на станцыі Орша-Цэнтральная. Цяпер яго судзяць паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Рэдактар парталу orsha.eu. Ігар Казмярчак быў шчыра здзіўлены нечаканай увазе з боку дзяржаўнай прэсы да простага жарту, якіх шмат бывае ў розных СМІ да 1-га красавіка. «Наступным крокам «Аршанскай газеты» (пасля таго як яны «развянчалі» наш першакрасавіцкі жарт) павінна стаць рубрыка з тлумачэннем анекдотаў»– напісаў ён у Фэйсбуку.
Юрка Жмых