Панядзелак, 06 Люты 2023

Журналіст глыбоцкай «раёнкі» палохае землякоў «Яўропай»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Андрэй Панкрат, журналіст газеты «Веснік Глыбоччыны», які звычайна піша навіны з крымінальнай хронікі, вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці палітычнага аглядальніка. Свой опус ён назваў «Почему одними лозунгамі сыт не будешь?» У гэтым тэксце ён грэбліва каверкае беларускую мову, ужываючы папулярнае выслоўе – «Беларусь – у Яўропу». І спрабуе пераканаць чытачоў у тым, што Еўразвяз – гэта сусветнае зло, і што аб’яднанне краінаў мае на мэце пазбаўленне эканамічнай самастойнасці.

Андрэй Панкрат не хавае, што імкнецца пераканаць людзей, каб яны не паддаваліся ўплыву апанентаў дзейнай улады. Маўляў, гэта яны «расписывают блага от вступления нашей страны в Евросоюз, задурманивая людям голову, но при этом о многом недоговаривают». І хаця пакуль нават намёку няма на тое, што Беларусь можа неўзабаве ўвайсці ў Еўразвяз, журналіст «раёнкі» заклікае задумацца пра нейкія, нібыта ўжо існуючыя ўмовы для гэтага кроку.

У якасці прыкладу палітычны аглядальнік з Глыбокага прыгадвае Грэцыю, якую, па ягоных словах, «нядаўна» ( а насамрэч у 1981г.) прынялі ў Еўразвяз. Андрэй Панкрат не шкадуе эпітэтаў і параўнанняў, каб распавесці, як «еўрачыноўнікі» не дазвалялі грэкам развіваць прамысловасць, бо яна нібыта стварала канкурэнцыю прадукцыі іншых еўрапейскіх краін. Ён піша пра вялікія сумы, якія Грэцыя запазычылася міжнародным банкам, па сутнасці, спекулюючы на тэме выхаду краіны з еўразоны. Такая верагоднасць  насамрэч абмяркоўвалася у 2012-2015гг, але Андрэй Панкрат замоўчвае факты пра тое, што Грэцыя ў той час  мела праблемы не толькі эканамічныя, а перажывала глыбокі ўнутраны крызіс, звязаны з уласным палітычным кіраваннем.

Увогуле ж, мала сэнсу абмяркоўваць асаблівасці жыцця адной з краін Еўразвязу, калі ініцыятар абмеркавання мае толькі адну мэту – расказаць пра «недружалюбны Захад», і што «мало кто в мире заинтересован в том, чтобы Республика Беларусь оставалась островком политической и экономической стабильности».

Дзівіць хіба тое, што аповедамі пра «лишение стран экономической, политической независимости через разрушение культурного кода и стирание морально-нравственных ориентиров» супрацоўнік глыбоцкай «раёнкі» хоча пераканаць жыхароў свайго ж рэгіёну. У жыхароў заходняй Віцебшчыны традыцыйна шмат знаёмых і сваякоў за мяжой – найбольш у Літве ды Польшчы. Падчас паездак да родных і блізкіх яны могуць самі параўнаць узровень жыцця у Беларусі з еўрапейскімі краінамі, і на свае вочы ўбачыць, ці насамрэч "недружалюбны Захад" імкнецца захапіць беларусаў разам з іх тэрыторыяй.  Прычым многія, зрабіўшы высновы з убачанага, без шкадобы пакідаюць беларускую «выспу стабільнасці».

Міхась Хмара