Серада, 07 Сакавік 2018

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу журналіста-фрылянсэра Зьмітра Лупача

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Зьміцер Лупач Зьміцер Лупач

7 сакавіка ў Віцебскім абласным судзе судзьдзя Сьвятлана Іванова разгледзела касацыйную скаргу журналіста Зьмітра Лупача на рашэньне суду Докшыцкага раёну.

Згодна з пастановай судзьдзі суду Докшыцкага раёну Вячаслава Елясеенкі ад 31 студзеня 2018 году па адміністрацыйным пратаколе за працу без акрэдытацыі на замежны тэлеканал «Белсат», незалежны журналіст быў аштрафаваны паводле артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) на 40 базавых велічыняў (980 рублёў).

Журналіста зьвінавацілі ў тым, што 20 сьнежня 2017 году  ў аграгарадку Круляўшчына Докшыцкага раёну ён узяў інтэрвію ў шэрагу асобаў, якое ў далейшым разьмясьціў у сеціве на замежным тэлевізійным сайце «Белсат». Сваімі дзеяньнямі ён нібыта парушыў артыкул 35 Закону Рэспублікі Беларусь аб СМІ ад 17 ліпеня 2008 году.

З пастановай суду Зьміцер Лупач не пагадзіўся. Паводле яго, пастанова супярэчыць Канстытуцыі і міжнароднаму заканадаўству. Журналіст мяркуе, што перасланая ім інфармацыя (у далейшым выкарыстаная незалежным інфармацыйным сайтам) ніякім чынам не замахваецца на інтарэсы дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, а таму рашэньне суду мусіць быць скасаванае, а справа спыненая ў сувязі з адсутнасьцю складу адміністрацыйнага правапарушэньня.

У сваё апраўданьне ў судзе касацыйнай інстанцыі Зьміцер Лупач заявіў, што ён ня мог разьмясьціць інфармацыю на сайце «Белсату», бо ня мае да яго доступу. Таксама ён ня мог вырабіць прадукцыю, разьмешчаную на сайце, бо гэтым займаецца рэдакцыя. Разам з тым фрылянсэр не адмовіўся ад факту перадачы інфармацыі ў рэдакцыю беларускамоўнага тэлевізійнага сайту.

Судзьдзя Сьвятлана Іванова нагадала журналісту пра неаднаразовае прыцягненьне яго да адміністрацыйнай адказнасьці за працу без акрэдытацыі і пацікавілася, чаму ён не спрабаваў зарэгістравацца ў Міністэрстве замежных справаў. Як патлумачыў спадар Лупач, таму ёсьць дзьве важкія прычыны. Па-першае, у Беларусі не зарэгістраваны сам тэлеканал «Белсат», а па-другое, на сайце міністэрства зьмяшчаецца інфармацыя пра складанасьці з рэгістрацыяй для тых, хто ўжо аднойчы прыцягваўся да адказнасьці за працу без акрэдытацыі. Судзьдзя, тым ня менш, параіла фрылянсэру набыць акрэдытацыю, і той пагадзіўся паспрабаваць зрабіць гэта.

Разгледзеўшы матэрыялы справы і ўлічыўшы довады скаржніка, судзьдзя Віцебскага абласнога суду пакінула рашэньне суду Докшыцкага раёну бязь зьменаў, а скаргу без задавальненьня.

Прысутны на паседжаньні праваабаронца Павал Левінаў зьвярнуў увагу на тое, што беларускія судзьдзі ў сваёй практыцы ігнаруюць нормы Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. Так, артыкул 19 згаданага пакту дае права кожнаму чалавеку шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк. Абмежаваньні з боку дзяржавы могуць накладацца толькі ў выпадку замаху на правы ці рэпутацыю іншых асобаў і для аховы дзяржаўнай бясьпекі, грамадзкага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва.

Праваабаронца падкрэсьліў, што ў адпаведнасьці з Законам аб нарматыўна-прававых актах Міжнародны пакт мае большую юрыдычную вагу, чым нацыянальны закон аб СМІ, на які судзьдзі спасылаюцца. У цяперашнім выпадку, прыцягнуўшы журналіста да адказнасьці, суд у сваім рашэньні не пазначыў, якім чынам распаўсюджаная Зьмітром Лупачам інфармацыя замахвалася на дзяржаўную бясьпеку ці грамадзкі парадак.

С. Горкі