Пасьля разгляду ўсіх матэрыялаў маёр міліцыі Міхаіл Перапечкін адмовіў у распачынаньні крымінальнай справы за адсутнасьцю ў дзеяньнях актывіста СПБ складу злачынства. Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі можа абскардзіць адмову міліцыі ў пракуратуру або суд цягам двух гадоў.
Заява намесьніка генэральнага дырэктара па кадрах, ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях А.А. Кузьмін аб паклёпе і абразе яго ў інтэрнэце на сайце spbpolack.ru была накіраваная ў АУС Полацкага раёну яшчэ 18 кастрычніка 2017 году. А перад Новым годам, 29 сьнежня, было вынесенае рашэньне Полацкага РАУС аб адмове ў распачынаньні крымінальнай справы паводле артыкулаў 188 і 189 Крымінальнага кодэксу. Разгляд справы некалькі разоў прыпыняўся, аж пакуль не была праведзеная лінгвістычная экспэртыза.
Вынік лінгвістычнай экспэртызы
Згодна з тлумачэньнем Гардзяёнак Тацяны Міхайлаўны, якая зьяўляецца выкладчыцай Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і мае навуковае званьне доктара філялягічных навук, высьветлена, што «тэксты артыкулаў, разьмешчаных празь сетку Інтэрнэт, ня носяць абразьлівага характару, але напісаныя ў няветлівай форме ў дачыненьні да Кузьміна А. А.».
Камэнтар намесьніка старшыні СПБ Міколы Шараха:
– Наш прафсаюз СПБ пастаянна прапануе наймальніку правесьці перамовы, а ў адказ прадстаўнікі наймальніка абвінавачваюць нашых актывістаў у крымінальным злачынстве. Такая пазыцыя наймальніка, ААТ «Полацак-Шкловалакно», не канструктыўная і парушае нормы заканадаўства аб сацыяльным партнэрстве прафсаюзаў і працадаўцаў. Наш прафсаюз СПБ працуе строга ў межах міжнародных стандартаў і беларускага заканадаўства, мы нічога не парушаем, што і пацьвердзіла праверка міліцыі. Сайт spbpolack.ru, які публікуе інфармацыю пра нашу дзейнасьць, не ёсьць сайтам прафсаюзу, але інфармацыя на ім зусім праўдзівая.
Цытаты з абвінаваўчай заявы ідэоляга
У сваёй заяве Кузьмін сьцьвярджае, што прадстаўнікамі заводзкага прафсаюзу «распаўсюджваецца заведама недакладная інфармацыя, якая ганіць дзелавую рэпутацыю ААТ "Полацак-Шкловалакно", закранае гонар і годнасьць кіраўнікоў, дэстабілізуе грамадзкую бясьпеку ў рэгіёне, а таксама ўтрымлівае неабгрунтаваныя спасылкі на работнікаў прадпрыемства».
Андрэй Кузьмін прыводзіць у прыклад артыкул «Як ідэоляг хлусіць рабочым»: «Публікацыя зьмяшчае інфармацыю, якая зьневажае гонар і годнасьць намесьніка генэральнага дырэктара па кадрах, ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях акцыянэрнага таварыства А. А. Кузьміна, у тым ліку выказаную ў форме графічнага малюнку з тэкстам "Силён Кузя отписки строчить". Названыя і іншыя паклёпніцкія выдумкі публічна наносяць шкоду асабістым немаёмасным правам А. А. Кузьміна», – заяўляе Кузьмін.
Яшчэ ідэоляг абураны, што «апублікаваны артыкул "Не бачым павагі нашых правоў", у якім разьмешчаная фатаграфія намесьніка генэральнага дырэктара па кадрах, ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях акцыянэрнага таварыства А. А. Кузьміна, на якой нанесеная графічная фраза "Ідэоляг, парушальнік"».
На думку адміністрацыі ААТ «Полацак-Шкловалакно», разьмешчаная актывістамі прафсаюзу СПБ інфармацыя носіць паклёпніцкі характар і зьяўляецца абразай. А таксама мае месца заклік да правядзеньня незаконнага страйку. «Лічым дзеяньні грамадзян Стукава В.Я. і Шараха М.А. Не адпаведнымі заканадаўству», – напісана ў заяве Кузьміна.
Ці будзе намесьнік генэральнага дырэктара па кадрах, ідэалягічнай працы і сацыяльных пытаньнях А. А. Кузьмін абскарджваць адмову распачаць крымінальную справу супраць прафсаюзнага актывіста, пакуль невядома.
Аляксандар Марозаў