Першы этычны кодэкс журналістаў зьявіўся ў 1923 годзе ў Швэцыі. Зьявіўся ён вымушана: прыняты ў 1866 годзе закон аб свабодзе друку дазваляў практычна ўсё, таму швэдзкія журналісты самі мусілі ўвесьці этычныя нормы, якія замацавалі ў кодэксе.
Этычны кодэкс «Беларускай асацыяцыі журналістаў» быў зацьверджаны на зьезьдзе арганізацыі ў 2006 годзе. Гэта быў другі па ліку такі дакумэнт у Беларусі. Першы кодэкс прафэсійнай этыкі журналіста прыняў Беларускі саюз журналістаў у 1995 годзе. Як адзначыў, адкрываючы абмеркаваньне, Анатоль Гуляеў, абодва кодэксы вельмі падобныя, кожны зь іх па-свойму добры, але за апошні час у мэдыяпрасторы адбыліся пэўныя перамены. Зьявіліся новыя носьбіты інфармацыі і маса іншых навацыяў, якія заахвоцілі да ўнясеньня неабходных зьменаў у кодэкс этыкі журналіста.
У склад камісіі па этыцы БАЖ уваходзяць сем чалавек: Анатоль Гуляеў, Валер Карбалевіч, Марына Загорская, Тацяна Равяка, Зьміцер Падбярэскі, Анджэй Пачобут, Сяргей Ваганаў.
Кажа Анатоль Гуляеў: «Разглядаць даводзіцца канфлікты самага рознага кшталту. У першую чаргу – гэта парушэньне аўтарскага права: крадзеж або некарэктнае абыходжаньне з чужой інфармацыяй. Існуе шэраг спрэчных пытаньняў наконт анлайн, якія трэба вырашаць.
Напрыклад, быў матэрыял пра Ўладзімера Кондруся, потым яго зьнялі. Ці зьяўляецца гэта парушэньнем? У цэлым гэтая гісторыя ўяўляецца вельмі цяжкай: «Наша Ніва» надрукавала матэрыял і фотаздымкі пра Ўладзімера Кондруся, якога аўтар назваў «правакатарам, які б'е шкло ў Доме ўраду», пры гэтым не прыводзячы ніводнага аргумэнту і да самога Ўладзімера Кондруся па тлумачэньне не зьвяртаючыся. Але ж існуючы кодэкс Беларускай асацыяцыі журналістаў патрабуе звароту да двух бакоў канфлікту, і перш за ўсё да таго, хто абвінавачваецца.
Самае ж жудаснае ў гэтым канфлікце тое, што пасьля публікацыі Кондруся арыштавалі. Ён абвясьціў галадоўку, давёў сябе да поўнай зьнямогі, і толькі пасьля гэтага «Наша Ніва» задалася пытаньнем: «Хто ён: правакатар ці актывіст?» Вось, што бывае і чым заканчваюцца выпадкі, калі мы зьвяртаемся да таго, што называецца «адмоўны герой». Калі б была спроба пагутарыць з гэтым чалавекам і даць яму слова – усё было б інакш, а так публікацыя паслужыла падставай для арышту.
Таму заўсёды трэба памятаць, як наша слова адгукнецца. Гэта вельмі важна. Трэба ніколі не забываць пра захаваньне этычных стандартаў журналістыкі. У свой час, зьмяніўшы грамадзкую думку, журналісты ў значнай ступені паспрыялі заканчэньню трох войнаў: англа-бурскай 1899-1902 гадоў, амэрыкана-віетнамскай і першай чачэнскай.
Трэба разумець, што этычныя прынцыпы насамрэч могуць вельмі многае, а іх выкананьне або невыкананьне можа аказаць уплыў як на жыцьцё канкрэтнага чалавека, так і на лёсы вельмі многіх людзей».
У віцебскіх журналістаў да кіраўніка этычнай камісіі БАЖ паўстала некалькі пытаньняў. У прыватнасьці, прагучаў папрок у неўнівэрсальным характары кодэксу. Так, ён не закранае праблему перадачы першаснага матэрыялу аўтара калегам, якія пасьля выдаюць яго ў этэр ужо са сваімі камэнтарамі. Пасьля перадачы матэрыялу меркаваньне аўтара ня ўлічваецца, што не адпавядае прынцыпам аўтарскага права. Такая практыка парушае і матэрыяльныя, і прававыя аспэкты.
У цэлым віцебскія журналісты выказалі разуменьне і падтрымку намаганьняў камісіі па этыцы ў ліквідацыі нэгатыўных аспэктаў журналісцкай дзейнасьці, якія замінаюць і ўскладняюць працэс перадачы інфармацыі.
https://viciebskspring.org/news/svaboda-slova/item/2129-vitsebskiya-zhurnalisty-abmerkavali-praekt-zmenau-u-kodeks-etyki-bazh#sigProIdd82faa62f0
С. Горкі