На пытаньне, як атрымліваецца быць самымі актыўнымі, старшыня віцебскай філіі БАЖ Алена Сьцяпанава адказала: «Нам удаецца быць актыўнымі, бо мы займаемся тым, што нам цікава. Мы ня маем так званага дэмакратычнага цэнтралізму. Таму намі ніхто не кіруе з боку, ніхто нам не загадвае, што рабіць, чаго не рабіць. А паколькі ў нас ёсьць людзі ініцыятыўныя і актыўныя, вось мы і прыдумляем сабе імпрэзы».
«Нас баагата, таму ў нас магчымы падзел па інтарэсах, – працягнула свой аповед Алена Сьцяпанава. – Фатографы могуць фатаграфаваць і ўдзельнічаць у розных фотавыставах. Хто піша, займаецца сваімі цікавымі мерапрыемствамі. Увогуле, кожны займаецца сваімі цікавымі справамі і залучае ў гэта астатніх».
Старшыня Глыбоцкай філіі БАЖ Тацяна Смоткіна і старшыня Полацкай філіі Віктар Стукаў былі адзначаныя дыплёмамі за добрасумленную працу ў інтарэсах арганізацыі і адказнае стаўленьне да сваіх грамадзкіх абавязкаў.
Тацяна Смоткіна распавяла, што ў іх дружнай Глыбоцкай суполцы журналістаў-БАЖаўцаў склаліся ўжо традыцыйныя імпрэзы, у арганізацыі якіх яны бяруць удзел з дружалюбнымі ім грамадзкімі актывістамі. Гэта штогадовыя калядныя сустрэчы журналістаў і грамадзкіх актывістаў і летняя імпрэза «Бульбяны фэст» у Германавічах, які арганізуецца супольна з актывістамі Шаркоўшчыны.
Ужо сталася традыцыяй, што журналісты зь Віцебску, Полацку і Глыбокага езьдзяць у госьці адзін да аднаго на арганізаваныя ў філіях імпрэзы. У філіях ладзяцца розныя сэмінары, сустрэчы з мэдыйнымі пэрсонамі, юрыстамі, псыхолягамі і іншымі цікавымі суразмоўцамі. У 2016 годзе была арганізаваная супольная сустрэча філіяў БАЖ Віцебскай вобласьці ў Полацку з праглядам дакумэнтальнага фільму пра вэтэрана БАЖу Барыса Хамайду, які больш за 20 гадоў таму стаяў ля вытокаў стварэньня Беларускай асацыяцыі журналістаў. Агульныя сустрэчы прадстаўнікоў філіяў БАЖ Віцебшчыны мусяць стаць традыцыйнымі – такое пажаданьне выказалі ўсе ўдзельнікі полацкай сустрэчы.
Пасьпяховая праца філіяў БАЖ Віцебшчыны абумоўленая яшчэ і тым, што арганізацыйная дзейнасьць ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з плянамі, якія распрацоўваюць самі актывісты на пачатку кожнага году. На 2017 год у філіях БАЖ рэгіёну таксама заплянаваны ўжо традыцыйныя і новыя крэатыўныя мерапрыемствы.
Аляксандар Марозаў