Чацвер, 10 Лістапад 2016

Віцебскія журналісты выпусьцілі ў горад «газэтных чалавечкаў»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Такім чынам сябры грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) вырашылі далучыцца да сусьветнай кампаніі «Станем за журналістыку», якая праводзіцца 5 лістапада.

– Напярэдадні мы задумаліся, якім чынам можна візуалізаваць выраз «журналісцкая салідарнасьць». І вырашылі, што ў гэтым нам дапамогуць «газэтныя чалавечкі». Рэалізаваць ідэю было вельмі проста, бо шмат хто ведае такую дзіцячую забаўку – як выразаць з паперы ланцужок фігурак. Але зробленыя з газэты фігуркі набываюць зусім іншы сэнс: моцна трымаючыся за рукі, яны ўвасабляюць і сяброўскую падтрымку, і прафэсійную ўзаемадапамогу, і гатоўнасьць супрацьстаяць усім, хто хацеў бы разарваць адзінства нашых перакананьняў… А потым нашы газэтныя чалавечкі «выйшлі» на фотасэсію: кожны з нашых калег мог сфатаграфаваць такі ланцужок у любым месцы Віцебску – на вуліцы, у парку, на беразе Дзьвіны або ў кавярні, – распавяла Алена Шабуня, адна з аўтараў ідэі акцыі.

Віцебскія БАЖаўцы зьвярнуліся і да месьцічаў, каб тыя далучаліся да ўвасабленьня журналісцкай салідарнасьці і дасылалі свае фотаздымкі газэтных чалавечкаў на фоне гарадзкіх краявідаў. У выніку атрымалася вялікая фотагалерэя, якую можна паглядзець на старонцы ў Facebook.

У яе стварэньні ўзялі ўдзел сябры БАЖ і супрацоўнікі газэты «Витебский курьер», якія 5 лістапада сабраліся на майстар-кляс «Ваша старонка ў Facebook: дапамога журналісту і асабістыя рызыкі». Пасьля абмену досьведам карыстаньня сацыяльнымі сеткамі багата размоваў было і пра праблемы, зь якімі даводзіцца сутыкацца незалежнаму журналісту ў Беларусі, і пра неабходнасьць журналісцкай салідарнасьці. Той самай, якую дэманструюць, трымаючыся адно аднаго, газэтныя чалавечкі…

Зрэшты, камусьці зь месьцічаў пашанцавала ўбачыць газэтнага чалавечка і ў натуральную велічыню. З дапамогай калегаў у яго пераўвасобіўся праваабаронца і сябра БАЖ Павал Левінаў. Трымаючы плякат са словамі «Станем за журналістыку!», ён таксама сфатаграфаваўся на тле гарадзкіх краявідаў. У тым ліку і на фоне знакамітага будынка з зафарбаваным графіці – малюнкам клетак і птушак з газэты, якія вырываюцца на волю.

Малюнак зафарбавалі летась, пасьля шэрагу гучных судовых справаў над віцебскімі журналістамі, якія сфатаграфаваліся побач з «крамольным» графіці. Удзельнікаў фотасэсіі прызналі вінаватымі ў арганізацыі несанкцыянаванай масавай акцыі, і шасьцёра журналістаў былі пакараныя штрафамі. Гэта было роўна два гады таму, таксама падчас кампаніі «Станем за журналістыку».

baj.by