18 студзеня 2022 году суддзя Віцебскага абласнога суду Вікторыя Лешчанка прыняла рашэнне ліквідаваць два грамадскія аб'яднанні – «Віцебскі жаночы клуб» і «Віцебскае абласное таварыства хворых на гемафілію». Ініцыятарам ліквідацыі грамадскіх арганізацый стала галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту. Толькі ў студзені 2022 году ўлады ліквідавалі пяць грамадскіх абʼяднанняў.

17 студзеня суд Віцебскага раёну прызнаў прадпрымальніка Уладзіміра Мунякіна вінаватым у махлярстве ў асабліва буйным памеры (ч.4 арт.209 КК.) і асудзіў на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 150 базавых велічынь. Паводле прысуду, Мунякін махлярскім чынам прысабечыў маёмасць 124-х пацярпелых на агульную суму каля 146 тысяч рублёў.

У лістападзе 2021 году суд Дубровенскага раёну вынес прысуд паводле арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады») у дачыненні 40-гадовага спартоўцы Юрыя Свіціна. Па версіі следства, ён абразіў пракурора Дубровенскага раёну Міхаіла Пацеева. Суддзя Марыя Цыклінская прызначыла пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і штраф 2900 рублёў. Прысуд набыў ужо законную моц.

Самымі выніковымі «знішчальнікамі ТГ» былі раённыя суды Віцебску. Ім удалося «знішчыць» 74 «электронных экстрэмістаў». На рахунку астатніх раённых судоў вобласці толькі 16 «перамог». Больш за ўсіх шчыраваў суд Чыгуначнага раёну Віцебску.

12 студзеня 2022 года Віцебскі абласны суд па звароце Упраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму ліквідаваў 5 раней зарэгістраваных грамадскіх аб'яднанняў. Гэта страта для грамадзянскай супольнасці вобласці і краіны. Пад ліквідацыю трапілі спартовы клуб «Віцьбіч», «Таварыства дружбы» Полацк-Фрыдыхсхафен«, Віцебскі дзіцячы хоспіс, «Таварыства пчаляроў-аматараў» і аб’яднане «Шлях з варагаў у грэкі».