Працэс у Віцебскім абласным судзе праходзіць у закрытым рэжыме – такі парадак у Беларусі стаў звыклым, калі разбіраюць справы «аб экстрэмізме», тым болей, з удзелам журналістаў. Супраць відэааператара Вячаслава Лазарава высунута абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса РБ (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна альбо групай асоб па папярэдняй змове), супраць Таццяны Пыцько — паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (вярбоўка, уцягненне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне ці іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці). Крымінальныя справы супраць мужа і жонкі, аб“яднаныя разам, разглядае суддзя Яўген Буруноў.

Суддзя суда Докшыцкага раёна Вячаслаў Елісеенка 27 ліпеня за распаўсюд «экстэмісцкіх» публікацый у сацыяльных сетках арыштаваў на 7 сутак жыхара Докшыцкага раёна Аляксандра Лінніка.

Глыбоцкага актывіста, фітнес-трэнера і бодзібілдара пачнуць судзіць на наступным тыдні, 13 верасня. Суд адбудзецца ў яго родным горадзе  - Глыбокім.

Паўла Нявыгласа, які ў жніўні 2020-га толькі скончыў школу, асудзілі да 1 года 2 месяцаў калоніі. Суд над ім распачаўся толькі сёлета ў ліпені. За гэты час хлопец паспеў стаць студэнтам БНТУ (факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі). Суддзя Расонскага райсуду Алена Елавая прызнала хлопца вінаватым паводле арт. 293 ч. 3 Крымінальнага кодэкса (Масавыя беспарадкі) за тое, што ў жніўні 2020-га ён апублікаваў ў Telegram звесткі пра тое, як вырабіць «кактэйль Молатава». Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Зараз хлопец спрабуе абскардзіць прысуд у Віцебскім абласным судзе, пасяджэнне прызначана на 12 верасня.

Суддзя суда Расонскага раёна Рада Дамініч 14 жніўня пастанавіла пакараць штрафам у памеры 333 рублёў палітвязня Мікалая Машарскага за тое, што ён у сацыяльных сетках распаўсюдзіў публікацыі, якія змяшчалі нацысцкую атрыбутыку і сімволіку (ч.1 арт.19.10 КаАП). Адміністрацыйная справа была разгледжана без удзелу Мікалая, які зараз утрымліваецца ў Віцебскім абласным следчым ізалятары па абвінавачанні ў падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.2 арт. 342) і абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368) КК РБ.