Субота, 04 Красавік 2026

“Экстрэмісцкай” прызналі старонку "ВКонтакте" віцебскага актывіста Дзмітрыя Карняенкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У адпаведнасці з рашэннем суда Чыгуначнага раёна г.Віцебска ад 2 красавіка назаўтра яе ўключылі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Дзмітрый Карняенка вядомы на Віцебшчыне як актывіст, які спрыяе паляпшэнню гарадскога асяроддзя - адсочвае агрэхі ва ўтрыманні інфрамструктуры ў Віцебску і Оршы, дабіваецца іх ліквідацыі адказнымі службамі.  Гэтай дзейнасці ён не спыняе нават цяпер, калі жыве ў вымушанай эміграцыі. 

Таксама Дзмітрый Карняенка  адстойвае роўнасць закону ў дачыненні да ўсіх грамадзянаў Беларусі. У прыватнасці, актывіст заўважыў, што адміністрацыйны артыкул, які прадугледжвае пакаранне за “распаўсюд экстрэмізму”, міліцыя ўжывае выбарачна. Пасля заўвагаў Дзмітрыя Карняенкі да такой адказнасці  пачалі прыцягваць нават  прыхільнікаў “рускага міра” , якія спадзяваліся, што маюць прэферэнцыі перад законам. Таксама Дзмітрый звярнуў увагу структур МУС на тое, што “лайкі” і спасылкі  на так званыя “экстрэмісцкія” інфармацыйныя рэсурсы  можна сустрэць і ў сацсетках тых, хто займае высокія дзяржаўныя пасады.

Актывіст прызнаны ўдзельнікам двух "экстрэмісцкіх фармаванняў" - праектаў "Народный депутат" і "Хрысціянская Візія: НЕ ВАЙНЕ". 27 сакавіка яго прызналі яшчэ і “иноагентом“ у складзе ініцыятывы   «Христиане против войны». 

Апрача старонкі Дзмітрыя Карняенкі у сацсетцы "ВКонтакте" той самы суд Чыгуначнага раёна Віцебска  за апошні тыдзень прызнаў  “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй” Telegram-канал Disident і  старонку ў  ТikTok "АВАНТЮРИСТ.BY”,

Паводле рашэння гарадскога суда Наваполацка экстрэмісцкімі прызнаны групы BELARUS POST USSR & WORLD і  "Таварыства беларускай мовы iмя Ф.Скарыны. ЛIДА" у  Facebook.

Суд Полацкага раёна і г.Полацка палічыў “экстрэмісцкай” старонку ў Facebook палітэмігранткі Алены Лагавой.

Суд Шаркоўшчынскага раёна пацвердзіў “экстрэмісцкі” змест старонкі "ВКонтакте" гомельскага актывіста Барыса Анікеева.

Максім Вераб'ёў