Серада, 09 Красавік 2025

Віцебскага актывіста Дзмітрыя Карняенку прызналі ўдзельнікам "экстрэмісцкага фармавання"

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта вынікае з абноўленага 9 красавіка «Пераліку арганізацый, фрмаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». У той самы дзень да яго бацькі, які жыве ў Оршы, прыходзілі міліцыянты з роспытамі пра тое, дзе знаходзіцца сын. І ўзялі ў пажылога мужчыны матэрыял (мазок) на аналіз ДНК.

У “экстрэмісцкім” пераліку на сайце МУС Дзмітрый Карняенка пазначаны  як удзельнік "экстрэмісцкага фармавання" -  праекта «Хрысціянская візія». Гэта грамадскае аб’яднанне святароў і вернікаў розных канфесій, створанага ў верасні 2020 года.  Праект займаецца  фіксацыяй  фактаў рэпрэсій у Беларусі па рэлігійных і палітычных матывах, вядзе дзейнасць , якая спрыяе  захаванню правоў чалавека. 

На Віцебшчыне Дзмітрый Карняенка вядомы як актывіст, які спрыяе паляпшэнню гарадскога асяроддзя - адсочвае агрэхі ва ўтрыманні інфрамструктуры ў Віцебску і Оршы, дабіваецца іх ліквідацыі адказнымі службамі.

Таксама ён адстойвае роўнасць закону ў дачыненні да ўсіх грамадзянаў Беларусі. У прыватнасці, актывіст заўважыў, што адміністрацыйны артыкул, які прадугледжвае пакаранне за “распаўсюд экстрэмізму”, міліцыя ўжывае выбарачна. Пасля заўвагаў Дзмітрыя Карняенкі да такой адказнасці  пачалі прыцягваць  прыхільнікаў “рускага міра” , якія спадзяваліся, што маюць прэферэнцыі перад законам. Таксама Дзмітрый звярнуў увагу структур МУС на тое, што “лайкі” і спасылкі  на так званыя “экстрэмісцкія” інфармацыйныя рэсурсы  можна сустрэць і ў сацсетках тых, хто займае высокія дзяржаўныя пасады.

Дзмітрый Карняенка - не адзіны актывіст з Віцебшчыны, якога КДБ ўключыла ў спіс удзельнікаў “экстрэмісцкіх фармаванняў”. Так, прадстаўніком адразу двух такіх фармаванняў ведамства лічыць палітвязня Іосіфа (Язэпа) Дулебу, у складзе “экстрэмісцкіх фармаванняў”  можна сустрэць прозвішчы Аляксандра Корнышава, рэдактара інфармацыйнага рэсурса “Витебский курьер news”, Ганны Федаронак, удзельніцы праекта “Лукашолкі” і гаспадыні варшаўскага шэлтэра для палітычных ўцекачоў, Ігара Казмерчака, заснавальніка і рэдактара медыяпраекта “orsha.eu” і іншых вядомых у рэгіене асобаў.

Алеся Пруднікава