Серада, 15 Май 2024

Хату Алены Янушкоўскай, якая цяпер у вымушанай эміграцыі, прадаюць з аўкцыёну

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Прычына – пазыкі па падатках і штрафах, прысуджаных віцебскай актывістцы. Агульная сума, якую Алена Янушкоўская не выплаціла дзяржаве, складае 1436 рублёў 60 капеек. Хату, якая знаходзіцца ў вёсцы Суйкава за 3 км ад Віцебска, збіраюцца прадаць за 10 700 рублёў.  На думку актывісткі, гэты кошт, прапанаваны БТІ, проста смешны: 20 гад таму жанчына набывала гэтую маёмасць з 9 тысяч даляраў. Аўкцыён па продажы маёмасці Янушкоўскай прызначаны на 30 траўня.

Паводле актывісткі, сёлета ў лютым на хату быў накладзены арышт. Судовыя выканаўцы тлумачаць, што грошы, выручаныя з продажу, пойдуць на пагашэнне запазычанасці . Аднак не тлумачаць, куды пойдзе рэшта – а гэта нават паводле «дзяржаўных» коштаў – каля 9 тысяч рублёў.

«З перапіскі з судовым выканаўцам вынікае, што ў мяне запазычанасць па штрафах, прысуджаных у Беларусі. Яшчэ я аказалася даўжніком па падатках:  я прапісала ў сваім жытле чалавека, які абяцаў заплаціць за мяне падатак, але не зрабіў гэтага. Такім чынам набегла сума амаль у паўтары тысячы рублёў», - распавяла Алена Янушкоўская

Зараз у яе хаце ў вёсцы Суйкава жыве прыёмная дачка Алены Янушкоўскай з двума малалетнімі дзецьмі. Ім,  у выпадку продажу, давядзецца пераехаць.

На думку актывісткі, памкненне пазбавіць яе маёмасці, - гэта помста за грамадзянскую пазіцыю. Алена Янушкоўская – аўтарка відэаблога «Настоящая Беларусь», у якім яна паказвала праўду пра няпростае жыццё ў беларускай глыбінцы. У 2020г. яна актыўна асвятляла грамадскія пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Наступствамі гэтага былі шматлікія затрыманні, а потым прысуджаныя штрафы і арышты – яны асабліва цяжка даліся сталай ужо жанчыне з інваліднасцю па хранічных захворваннях. У Беларусі супраць яе распачатыя і дзве крымінальныя справы, кажа Алена Янушкоўская:

«Літаральна днямі мне распавялі знаёмыя, што мной цікавіліся міліцыянты, якія прыходзілі па месцы жыхарства маёй дачкі. Супрацоўнік міліцыі сказаў суседзям, што мяне чакае турма. Маўляў, ёсць крымінальная справа за абразу Лукашэнкі і «за экстрэмізм». Але гэта, маўляў, не страшна, і хай бы я вярталася ў Беларусь. Бо мне «дадуць гады тры», як сказаў той міліцыянт, і потым «адпусцяць па амністыі». Вядома, у такія «перспектывы» я не веру.

У замежжы віцебская актывістка працягвае грамадскую дзейнасць як прыхільніца БХД, а не так даўно яна абвясціла пра свой намер удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду як кандыдатка ад міжпартыйнай кааліцыі «Салідарнасць».

Уладзіслаў Сяргееў